БЕЛ Ł РУС

У Літве дапусцілі транзіт беларускага калію і прапанавалі ўвязаць яго з прысутнасцю сіл ЗША ў краіне

16.12.2025 / 11:25

Nashaniva.com

Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс кажа, што прадстаўнікі ЗША пакуль не вялі перамоваў з літоўскімі службовымі асобамі аб магчымым аднаўленні транзіту беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі порт, а калі з часам да гэтага ўсё ж вернуцца, такое рашэнне можна было б звязаць з дадатковай прысутнасцю амерыканскіх сіл, піша LRT.

«Гэтыя карэктныя паводзіны амерыканцаў — яны сапраўды не аказваюць на нас ціску з патрабаваннем рабіць дадатковыя крокі, аднак калі калійныя ўгнаенні з Беларусі пачнуць паступаць у Амерыку, тады паўстане пытанне, якім маршрутам іх транспартаваць. Вось тут і з'явіцца цікавы момант», — сказаў Матулёніс.

«Калі б мы нешта рабілі ў гэтым кірунку, гэта варта было б увязаць, магчыма, з дадатковымі магчымасцямі прысутнасці амерыканскіх сіл. Калі гэтыя ўгнаенні па сутнасці стануць амерыканскімі, будуць прызначаны для рынку ЗША, то (…) мы павінны апынуцца ў полі амерыканскіх інтарэсаў, а не ісці насуперак амерыканцам», — дадаў ён.

13 снежня амерыканцы абвясцілі, што здымаюць санкцыі з беларускага калію.

Чакаецца, што Еўрапейскі саюз вясной прыме рашэнне аб прадаўжэнні ўласных санкцый у адносінах да ўгнаенняў.

Матулёніс заклікаў не ідэалагізаваць пытанне транзіту беларускіх угнаенняў і, калі сітуацыя зменіцца, імкнуцца да рэалізацыі і прагматычных інтарэсаў Літвы.

«Нацыянальны інтарэс — гэта спалучэнне каштоўнаснай і прагматычнай палітыкі», — сказаў саветнік прэзідэнта Літвы.

Літва забараніла транзіт беларускіх угнаенняў у пачатку 2022 года, спасылаючыся на санкцыі ЗША, у той час як ЕС увёў санкцыі супраць іх пазней.

ЗША размяшчаюць у Літве, на палігоне ў Пабрадзе, каля тысячы сваіх вайскоўцаў, аднак у цяперашні час пераглядаюць прыярытэты дыслакацыі ў Еўропе і свеце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула