БЕЛ Ł РУС

Беларус у Турцыі трапіў у канфлікт у краме — і апынуўся ў мясцовай турме

16.12.2025 / 11:48

Nashaniva.com

Турцыя — самы папулярны замежны кірунак у беларускіх турыстаў. Аляксандр заўсёды любіў гэтую краіну. Аднак нядаўняя паездка пайшла абсалютна не паводле плана: мужчына апынуўся за кратамі, а затым яго выслалі на радзіму. Сябар беларуса Ягор распавёў «Люстэрку» гісторыю сапсаванага адпачынку, каб папярэдзіць, што можа здарыцца ў гэтыя краіне са звычайным турыстам.

Ілюстрацыйнае фота: Ozge Elif Kizil/Anadolu Agency via Getty Images

«Давайце, выклікайце паліцыю»

Па словах Ягора, Аляксандр ездзіў у Турцыю гэтай вясной. У Антальі ён зайшоў у сеткавую краму Decathlon. Тавары гэтай жа маркі ляжалі ў заплечніку, яшчэ сёе-тое было надзета на ім.

— У Сашы ўсё было з гэтай крамы, — расказвае сябар мужчыны. — Ён часта рабіў пакупкі ў гэтай сетцы ў розных краінах. Сачыў за акцыямі, сезоннымі зніжкамі і гэтак далей. Рэчы ж усюды аднолькавыя.

На выхадзе беларуса папрасілі паказаць заплечнік. Убачыўшы, што ўнутры тавары той жа маркі, ахоўнікі абвінавацілі яго ў крадзяжы і пачалі пагражаць паліцыяй. Тады мужчына прапанаваў паглядзець запісы камер відэаназірання, аднак гэтага ніхто не зрабіў.

— Саша казаў: «Давайце, выклікайце паліцыю». Спадзяваўся, што тая прыедзе, паглядзіць камеры і яго адпусцяць. Чаго баяцца? Я вось таксама чуў, што паліцыя ў Турцыі адэкватная, — расказвае Ягор.

Аднак супрацоўнікі, якія прыбылі, не ведалі англійскай і не зразумелі, што кажа беларус. У выніку мужчыну забралі і «аформілі ў турму». На наступны дзень у судзе прайшло паседжанне, дзе вырашалі, ці трэба пакінуць яго за кратамі да суда, ці можна абмежавацца падпіскай аб нявыездзе.

— З доказаў у справе была фатаграфія, што ён заходзіў у краму, і паказанні паліцыі аб інцыдэнце, — кажа суразмоўца. — Так як у яго пастаяннага адрасу [ў Турцыі] няма, то і адпускаць не было куды. Таму яго адправілі ў турму.

«Ён сядзеў у турме проста так»

Спярша Аляксандр не разумеў ні за што трапіў за краты, ні як доўга трэба было там прабыць. Праз пару дзён яму прыйшло рашэнне аб дэпартацыі — хоць паседжання суда яшчэ не было. Неўзабаве прызначылі і дату. Мужчына правёў у зняволенні некалькі тыдняў да таго, як яго справу разгледзелі.

Як беларус пазней расказваў прыяцелю, турма была з мноства закрытых блокаў, якія нагадвалі двухпавярховыя дамы. У кожным была «гасцёўня», кухня, санвузел і па сем спальных пакояў. У цэнтры — унутраны дворык, адкрыты ў дзённы час.

Аляксандр адзначае, што кармілі там добра: давалі турэцкія стравы — супы, рыс, мяса, рыбу, гародніну, садавіну і дэсерты. Прыносілі чаны з ежай, і людзі самі дзялілі ежу. Усе асабістыя рэчы забіралі, карыстацца тэлефонам можна было з абмежаваннем па часе. З забаў — шахматы, ТБ і футбол раз у тыдзень, а вось азартныя гульні — пад забаронай.

Аляксандр пасля скардзіўся Ягору, што яго блок быў перапоўнены, у ім пастаянна знаходзілася больш за 70 чалавек. Частка з іх спала на ложках у спальнях, астатнія 20−30 — на падлозе ў гасцёўні. Канфлікты здараліся пастаянна.

— Ён казаў, што людзі сядзелі доўга, ім было сумна, — апісвае суразмоўца. — Але боек амаль не было. Там з гэтым строга, усюды камеры: пабіўся — і, лічы, тэрмін павялічыў. Ніякага галоўнага не было. Дэмакратыя. У прынцыпе, мірныя ўсе. Звычайныя людзі.

Па назіраннях Аляксандра, большасць сукамернікаў трапілі за краты з-за наркотыкаў. Кагосьці затрымлівалі пры перавозцы забароненых рэчываў у багажы ці «ў сабе».

Да моманту суда ў беларуса ўжо быў адвакат. Той прапанаваў пайсці на хітрасць і ва ўсім прызнацца, каб хутчэй выйсці на волю.

— Сутнасць такая, што да суда яны (турэцкія сілавікі.) нават і не шукалі ніякіх доказаў. Адвакат сказаў, што Сашу трэба прызнацца ў крадзяжы, інакш суд перанясуць і будуць разбірацца. А так з-за таго, што скаргі няма, крадзяжу няма, шкоды няма — яго проста адпусцяць, — апісвае суразмоўца.

Так і аказалася. Запісы з камер крамы на судзе не глядзелі. Пракурор прапанаваў адпусціць мужчыну, і суддзя абвясціў, што той свабодны.

— То-бок ён сядзеў у турме проста так, — рэзюмуе Ягор.

Аднак вызвалення не было. Аляксандра адвезлі назад у турму і вызвалілі. Але адразу накіравалі ў міграцыйны цэнтр для тых, каму трэба будзе дэпартацыя.

«З'ехаць нафіг з гэтай краіны і ніколі не вяртацца»

У міграцыйным цэнтры Аляксандр правёў некалькі дзён. У размове з сябрам ужо потым адзначаў, што гэтае месца моцна адрознівалася ад звычайнай турмы. Таксама дзейнічала блочная сістэма, у кожным блоку знаходзілася прыкладна па 200 чалавек. Асаблівых правілаў не было, дазволена свабодна хадзіць па сваім блоку.

— Была крама, якая працавала пару гадзін у дзень, і тэлефонныя аўтаматы — тэлефанаваць можна было да адбою. Адбой у дзесяць, усіх закрываюць. У тэлефона заўсёды чарга, — успамінае Ягор уражанні сябра.

А вось кармілі горш, чым у звычайнай турме: ежу пакавалі порцыямі, якія нельга было назваць сытнымі.

Як зразумеў Ягор з расказаў Аляксандра, некаторыя жылі ў гэтым цэнтры падоўгу — не хацелі пакідаць Турцыю і вычакалі тэрмін, неабходны для легалізацыі. Па словах сябра Ягора, былі і выпадкі дэпартацыі «ні за што».

— Хлопец ляцеў праз Турцыю транзітам. Зламаная нага, у білеце [пазначана, што яму патрэбны інвалідны] вазок. На транзіце яго не выдалі. Увогуле, на яго стала крычаць супрацоўніца, у выніку ён таксама. Пяць дзён у дэпартацыйнай турме і дэпартацыя, — падае прыклад суразмоўца. — Яшчэ выпадак: мужчына і яго мама ляцелі транзітам. Перарэгістраваць трэба было багаж. Пасля пашпартнага кантролю забралі абодвух. Высветлілася, ён пяць гадоў таму не аплаціў штраф у Турцыі. Суд адразу і дэпартацыя. Прычым і яго, і маму. Пры чым тут мама?

Па словах Ягора, спачатку сябру абяцалі аплаціць зваротны білет. Але пасля настаялі, каб ён заплаціў сам. Калі прыйшоў час пакідаць краіну, у беларуса ў аэрапорце некалькі разоў праверылі рэчы.

— Саша скардзіўся на «шмон», — успамінае суразмоўца. — Супрацоўнікі выкідалі наогул усё, што ім не падабалася. Тыпу «вы дэпартуемы пасажыр, а значыць, гэта і гэта нельга». І не хвалюе. Выкінулі яго дарагую кемпінгавую палатку і тытанавы кубак.

Супрацоўнік мясцовых спецслужбаў суправадзіў беларуса да пасадачнага «рукава» самалёта. А далей ён быў ужо свабодны.

Ягор кажа, што сябру можна было выбраць любы кірунак. Аднак той не ведаў, ці будзе ў яго пашпарце адзнака аб дэпартацыі. А калі будзе — ці зможа ён з ёй уехаць у іншую краіну. Таму выбраў Беларусь як найменш рызыкоўны варыянт. Дарэчы, штамп аб выездзе яму ў выніку паставілі «самы звычайны».

Чаму замежніка наогул вырашылі дэпартаваць, калі суд яго адпусціў? Фармальна мужчыну прызналі «асобай, якая ўяўляе пагрозу з пункту гледжання грамадскага парадку, або грамадскай бяспекі, або грамадскага здароўя». Была магчымасць абскардзіць рашэнне, але ён не захацеў гэтым займацца.

— Ён казаў, што хацеў з'ехаць нафіг з гэтай краіны і ніколі не вяртацца, — тлумачыць Ягор і дадае, што на разбіральніцтва з гэтай справай у сябра пайшло каля двух тысяч даляраў. У тым ліку на аплату паслуг адваката і зваротны білет.

Пры гэтым пісьмовай забароны на ўезд у Турцыю беларус так і не атрымаў. Ці рызыкне калі-небудзь зноў туды адправіцца?

— Я думаю, не, — лічыць Ягор. — Ён казаў, што ў бліжэйшыя гады, хутчэй за ўсё, не паедзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула