БЕЛ Ł РУС

Сусветныя цэны на нафту ўпалі да ўзроўняў 2021 года

16.12.2025 / 15:49

Nashaniva.com

Цана нафты маркі Brent на таргах у аўторак апусцілася ніжэй за $60 за бараль. Расійская нафта з-за санкцый і ў выніку зніжэння сусветных каціровак цяпер прадаецца танней за ўсё з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі, піша The Moscow Times.

Фота: lookby.media

На 15.00 па мінскім часе нафта Brent каштавала $59,7 за бараль, патаннеўшы на 1,4%. Гэта самы нізкі ўзровень з 2021 года, за выключэннем 5 мая 2025 года, калі падчас таргоў яна на кароткі час апускалася ніжэй за $60, але закрыццё адбылося вышэй гэтай адзнакі. Таргі амерыканскім сортам WTI закрыліся ў панядзелак на самым нізкім цэнавым узроўні з лютага 2021 года — $55,83 за бараль.

Адзін з фактараў падзення цэн апошнім часам — прасоўванне мірных перамоў па Украіне.

«Нафта працягвае гандлявацца пад ціскам, паколькі сённяшнія навіны сведчаць аб узрастаючым кансэнсусе адносна магчымага перамір’я паміж Расіяй і Украінай, — сказала Bloomberg Рэбека Бэйбін, старэйшы трэйдар энергарэсурсаў у CIBC Private Wealth Group. — Хаця перамір’е і не прывядзе да раптоўнага вяртання расійскай нафты на рынак, яно істотна знізіць рызыку будучых перапынкаў паставак».

2025 год стаў годам падзення цэн на нафту: таргі пачыналіся на ўзроўні $74,6, а ў студзені Brent даражэла да $82 за бараль. Галоўнай прычынай стала значнае павелічэнне здабычы, перш за ўсё ў выніку змянення палітыкі ОПЕК+, якая з вясны пачала апераджальна павялічваць вытворчыя квоты. У выніку на рынку ўтварыўся лішак. У верасні, па апошніх дадзеных Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА), камерцыйныя запасы нафты выраслі на 77,7 млн бараляў — самы высокі ўзровень з ліпеня 2021 года, а яе запасы на вадзе, у танкерах, — на цэлых 80 млн бараляў.

За першыя дзевяць месяцаў года запасы павялічыліся на 313 млн бараляў, або ў сярэднім на 1,15 млн бараляў на суткі. Асабліва хутка расце аб’ём бараляў, якія захоўваюцца на танкерах расійскага ценявога флоту: яны доўга не могуць знайсці пакупнікоў на санкцыйную нафту або шукаюць магчымасці для яе перагрузкі ў моры, каб схаваць паходжанне.

МЭА прагназуе рэкордны прафіцыт на сусветным рынку ў 2026 годзе: дысбаланс усё павялічваецца, паколькі «прапанова расце, а рост попыту застаецца сціплым па гістарычных мерках».

Расійская нафта з-за гэтых фактараў цяпер прадаецца нават танней, чым у студзені 2023 года, пасля ўступлення ў сілу еўрапейскага эмбарга і цэнавага даху, уведзенага «Вялікай сямёркай». Тады ён склаў $60 за бараль, а ў гэтым верасні ЕС і Вялікабрытанія (хаця без падтрымкі ЗША) знізілі яго да $47,6.

Па даных Argus Media, у сярэднім расійскія экспарцёры нафты цяпер атрымліваюць крыху больш за $40 за бараль за партыі, адгружаныя з партоў Балтыйскага і Чорнага мора, а таксама далёкаўсходняга порта Козьміна, піша Bloomberg. За апошнія тры месяцы гэтая цана ўпала на 28% як з-за зніжэння сусветных каціровак, так і з-за ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый супраць «Раснефці» і «Лукойла».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула