Золата, акцыі, нерухомасць. Куды лепей інвеставаць у 2026 годзе
Пагутарылі з эканамісткай BEROC Настассяй Лузгіной, куды патэнцыйна выгадна інвеставаць грошы ў 2026 годзе.
Ілюстрацыйны здымак. Аўтар: Andrey Rudakov Bloomberg via Getty Images
Золата — чакаецца працяг росту
Адным з цікавых актываў, даступных для інвеставання беларусам, Лузгіна называе золата.
За апошнія пяць гадоў цана за ўнцыю вырасла прыкладна з 1800 да 4400 даляраў (кошт на сярэдзіну снежня 2020 і 2025 года).
«Частку інвестыцыйнага партфеля сапраўды можна захоўваць у золаце, бо пакуль няма прагнозаў, што цэны на яго будуць зніжацца.
Гэта звязана не толькі з напружаннем у геапалітычнай сітуацыі, але і з тым, што Штаты і Еўрасаюз зніжаюць працэнтныя стаўкі. Адпаведна, укладвацца ў амерыканскія ці еўрапейскія каштоўныя паперы становіцца не так выгадна, таму інвестары шукаюць іншыя варыянты. Гэта ў нейкай ступені можа падаграваць попыт на золата як каштоўны метал, які ўжо доўгі час паказвае рост», — лічыць Лузгіна.
Графік цэн на золата за апошнія пяць гадоў. Скрыншот: tavex.lt
Пры гэтым эксперт адзначае, што рост цэн на золата можа запаволіцца, бо асноўны рост за пяцігадовы перыяд прыйшоўся на апошнія два гады. У пачатку 2024‑га за унцыю давалі ў раёне 2000 даляраў.
Гэта азначае, што нас можа чакаць шматгадовы перыяд стабілізацыі цэн на гэта каштоўны метал.
Крыптавалюта — не больш за 5—10% ад усіх інвестыцый
Што тычыцца крыптавалют, то, на думку эканаміста, яны павінны складаць не больш за 5—10% ад інвестыцыйнага партфеля.
«Можна размяшчаць частку актываў у крыптавалютах, але не ў вялікай колькасці, паколькі мы бачым, што крыптавалюты моцна залежаць як ад палітычных рашэнняў, так і ад дзеянняў буйных інвестараў. Акрамя таго, важным фактарам з'яўляецца рэгуляванне рынку», — лічыць эксперт.
Напрыклад, што тычыцца самай папулярнай крыптаманеты — біткойна, то за апошні год яна патаннела на 16,6%: са 104 тысяч да 87 тысяч даляраў, хоць да таго доўга расла.
Скрыншот: Google
Пры гэтым на працягу года былі перыяды і з больш істотным падзеннем. Як, напрыклад, сёлета восенню, калі біткойн патаннеў больш чым на 30% за два месяцы: са 123 тысяч у пачатку кастрычніка да 84 тысяч у канцы лістапада.
Калі глядзець на пяцігадовы перыяд, то біткойн за гэты час падаражэў на 265%: з прыкладна 24 тысяч у канцы 2020‑га да каля 87 тысяч цяпер.
Акцыі — энергетыка, абаронка
Калі выказаць здагадку, што частка санкцый з боку ЗША і ЕС у наступным годзе можа быць скасаваная, то ў беларусаў могуць з'явіцца дадатковыя магчымасці для інвеставання.
Як з пункту гледжання аднаўлення доступу да раней недаступных інструментаў, так і з прычыны таго, што магчымае зняцце санкцый з Беларусі і Расіі можа прывесці да значнага росту цэн акцый кампаній, якія цяпер знаходзяцца пад санкцыямі.
«У выпадку скасавання санкцый у дачыненні да асобных, напрыклад, расійскіх кампаній, акцыі могуць паказаць імклівы рост, таму можна разглядаць такія каштоўныя паперы», — адзначае эксперт.
Таксама, на думку Лузгіной, ахвотным інвеставаць у акцыі і аблігацыі па-ранейшаму можна прыглядацца да каштоўных папер еўрапейскіх кампаній у сферы энергетыкі і зялёнай эканомікі.
Іншы перспектыўны кірунак — акцыі кампаній з ваенна-прамысловага комплексу, якія ў Еўропе ў найбліжэйшыя гады будуць на ўздыме.
Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: «Наша Ніва»
Аднак пакуль праз дзейныя санкцыйныя абмежаванні рабіць гэта цяжка, таму такі інструмент хутчэй даступны для беларусаў замежжа.
«Выдаткі на абарону ў еўрапейскіх краінах павялічваюцца, таму на працягу некалькіх гадоў кампаніі, якія вырабляюць тавары для сферы абароны, таксама будуць на пад'ёме. Гэта, у сваю чаргу, будзе падаграваць цікавасць інвестараў да ВПК.
У цэлым, калі сітуацыя ў рэгіёне стабілізуецца і санкцыі з Расіі пачнуць здымаць, можна разглядаць куплю індэксаў еўрапейскіх акцый альбо аблігацый», — кажа эканаміст.
Нерухомасць — рынак перагрэты
Інвеставанне ў нерухомасць Настасся Лузгіна называе самым простым і самым папулярным інструментам, бо знешнія фактары аказваюць на яе меншы ўплыў. Галоўным абмежаваннем для такіх інвестыцый з'яўляюцца, мабыць, вялікія сумы.
«У наступным годзе буму і, адпаведна, росту цэнаў не чакаецца, паколькі эканамічны рост запавольваецца і даходы будуць расці ўжо не так актыўна, як у папярэднія гады, таму цэны на нерухомасць стабілізуюцца», — лічыць Лузгіна.
Акрамя таго, важна адзначыць, што цана на квадрат у Беларусі ўжо ўшчыльную наблізілася да пікавых паказчыкаў, якія назіраліся ў канцы 2007 года. А пік цэн канца 2013—2014 года ўжо быў пабіты сёлета. Гэта сведчыць пра тое, што цэны цяпер ужо і так не нізкія. Праўда, інфляцыя даляра з 2014 года была істотная.
«Росту цэн спрыялі як рост рэальных даходаў насельніцтва, так і ўмацаванне беларускага рубля да даляра, што рабіла нерухомасць для большасці насельніцтва больш даступнай. Гэта падагравала попыт і ўплывала на рост цэн у даляравым эквіваленце», — тлумачыць эканаміст.
Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: «Наша Ніва»
На думку Лузгіной, купляць нерухомасць у 2026 годзе варта ў першую чаргу тым, каму яна патрэбна для жыцця, а не для інвеставання ў надзеі на тое, што за наступныя два‑тры гады яе кошт значна вырасце, як гэта было ў 2000—2007‑м і 2023—2025 гадах.
«Трэба не забываць, што цэны на кватэры ў Беларусі нестабільныя.
Дадатковыя рызыкі нясе той факт, што дзяржава стымулюе будаўнічую галіну, банкі прапануюць больш нізкія працэнты. Дзякуючы гэтаму тэмпы будаўніцтва застаюцца высокімі, а дэмаграфічныя паказчыкі пры гэтым горшаюць.
Без нейкіх сур'ёзных змяненняў у плане росту эканомікі і паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі рынак жылля будзе станавіцца перанасычаным, што не будзе даваць цэнам расці», — тлумачыць Лузгіна.
Зыходзячы з гэтага, у будучым годзе не варта інвеставаць у жыллё тым, хто разлічвае на высокі рост яго кошту.
«Тым больш што ў выпадку паслаблення беларускага рубля попыт можа пачаць прасядаць, і тады курсавыя ваганні зробяць эфект, адваротны таму, што мы назіралі, калі рубель умацоўваўся».