Амаль 20% сёлетняга аўтамабільнага імпарту склалі электрамабілі і гібрыды
Паводле звестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, амаль пятая частка новых аўтамабіляў, увезеных у Беларусь сёлета, прыпала на электрамабілі і гібрыды. За 11 месяцаў у краіну паступіла больш за 150 тысяч новых машын, з якіх 27,6 тысячы (каля 18,4%) — гэта аўто на новых крыніцах энергіі (NEV).
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Дырэктар УП «БАА-Кансалт» Дзмітрый Ярота адзначае, што рынак NEV у Беларусі ў 2025 годзе мае некалькі адметных рыс.
Найперш, ён амаль цалкам фармуецца за кошт імпарту — дзель ўвезеных аўтамабіляў складае каля 95%. Акрамя таго, у сегменце NEV пераважаюць чыстыя электрамабілі (BEV): іх было завезена каля 20,4 тысячы, што складае прыкладна 74% ад усіх «зялёных» аўто.
Асноўную частку электрамабіляў імпартавалі юрыдычныя асобы — 14,4 тысячы машын (больш за 70% ад усяго аб’ёму NEV). Фізічныя асобы завезлі каля 5 тысяч аўтамабіляў, яшчэ прыкладна 1 тысяча прыпала на лакальную вытворчасць.
Эксперт таксама падкрэсліў, што ў 2025 годзе юрыдычныя асобы найчасцей карысталіся спрошчанай сертыфікацыяй пры ўвозе NEV: паводле гэтай схемы было аформлена каля 92% чыстых электрамабіляў.
Аднак ужо ў 2026 годзе сітуацыя можа змяніцца. Пастанова Савета Міністраў №372, якая ўводзіць абавязковае атрыманне ўхвалення тыпу транспартнага сродку і абмяжоўвае ўвоз электрамабіляў паводле спрошчаных правіл, можа істотна паўплываць на аб’ёмы імпарту «зялёных» аўто юрыдычнымі асобамі.
Чытайце таксама:
З 2026 года ў Беларусі істотна падаражэе шэраг аўто папулярных кітайскіх марак
На тры гады падоўжылі тэрмін ільготаў для электрамабіляў
Колькі ў Кітаі каштуюць машыны, на якія ў Беларусі будуць наляпляць шыльдзік Zubr
«Поўны фарш, а цана як у пустой Tesla». Чым (не) задаволеныя ўладальнікі кітайскіх электрамабіляў