БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка сцвярджае, што да перамоўнага працэсу па Украіне далучылі Беларусь

17.12.2025 / 8:39

Nashaniva.com

Палітык упэўнены, што канфлікт ва Украіне, як і ўсе іншыя, рана ці позна завершыцца мірам. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю амерыканскай тэлевізійнай кампаніі Newsmax, піша БелТА.

Фота: БелТА

«Любая вайна заканчваецца мірам. Класіка. І гэтая вайна скончыцца мірам. Чым раней, тым менш загіне людзей. Я часта кажу па-мужчынску: ведаеце, ну загінуў і загінуў, а колькі скалечаных людзей з гэтай вайны вяртаецца! З імі як быць? Без ног, без рук», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што калі б пытанне мірнага ўрэгулявання залежала толькі ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, то з улікам яго цяперашняй палітыкі вайна ўжо даўно б скончылася. Але гэта шматбаковы працэс.

«Тут ёсць яшчэ два бакі канфлікту — Расія і Украіна. Ну і нас жа туды яшчэ далучылі — Беларусь. Мы мяжуем з гэтым канфліктам, і нам таксама не абыякава, як там будуць развівацца падзеі і чым гэта скончыцца. І адзін Трамп гэтае пытанне не вырашыць», — заявіў Лукашэнка.

Ён расказаў, што яшчэ ў тэлефоннай размове з Дональдам Трампам перад яго сустрэчай з прэзідэнтам Расіі на Алясцы ў жніўні гэтага года папярэджваў: трэба наладжвацца на цяжкую працу, бо з наскоку вырашыць гэтую праблему не атрымаецца.

«Я тады параіў яму, каб ён прыклаў усе магчымыя намаганні, каб дамовіцца з Расіяй аб спыненні вайны», — сказаў ён.

Лукашэнка лічыць важным «замарозіць гэты канфлікт ад пачатку да канца» — спыніць баявыя сутыкненні так, каб у Расіі не было насцярожанасці, што гэты час можа быць проста выкарыстаны для пераўзбраення Украіны:

«Зрабіць так, каб ніхто не быў насцярожаны, што вось мы спынілі канфлікт (у той перыяд, калі Расія перамагае, гэта сапраўды так)… Каб у Расіі не было насцярожанасці ў гэтым плане, трэба зрабіць усё, каб Украіна і яе армія не пераўзбройваліся ў гэты час, каб амерыканцы не пастаўлялі туды зброю разам з еўрапейцамі».

У гэтым кантэксце ён нагадаў пра «крывадушную пазіцыю еўрапейскіх палітыкаў», калі ў Мінску ў 2015 годзе былі дасягнуты мірныя дамоўленасці па Украіне.

«Калі б тады еўрапейцы не занялі дурную пазіцыю… А яны хацелі зрабіць так, каб у ўкраінцаў, як потым заявіла Ангела Меркель, быў час пераўзброіцца і даць адпор Расіі. Аказваецца, не пра мір сюды прыехалі дамаўляцца, а пра будучую вайну, — сказаў Лукашэнка. — Дамова тады была заключана. Пасярэднікамі, можна сказаць, былі еўрапейцы — Германія і Францыя. Чым гэта скончылася? Нічым. Я тады прапаноўваў, што ў гэтую кампанію трэба ўключыць амерыканцаў, без Амерыкі ніякага там міру не будзе. Калі б тады былі рэалізаваныя пагадненні, якія былі дасягнуты тут, у Мінску, вайны б не было».

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што калі б Дональд Трамп у той час узначальваў ЗША і праводзіў сваю цяперашнюю палітыку, ён не заставаўся б у баку, і вайны, хутчэй за ўсё, удалося б пазбегнуць.

Разважаючы пра тое, як у цяперашніх умовах канфліктуючым бакам дасягнуць міру, пАляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што да гэтага падштурхне сітуацыя, якая складваецца вакол.

Напрыклад, ён не выключыў, што эскалацыя можа прывесці да мабілізацыі ў Расіі.

«Гэта будзе добра для Расіі? Не будзе добра, — адзначыў Лукашэнка. — Ну што, расіянам падабаецца, што ідзе вайна? Вядома, не».

«Павінны быць гарантыі. Расія хоча гарантый, каб гэта было назаўсёды. Я гэта ведаю. Расія хоча заключыць такі мірны дагавор, каб ніколі больш вайна не пачыналася. У гэтым зацікаўлена і Украіна. Трамп гатовы выступіць гарантам гэтага. Усё ёсць. Таму трэба паскорыцца», — сказаў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула