Ва Украіне знайшлі шары з беларускімі цыгарэтамі, якія ляцелі ў Польшчу
На ўкраінска-беларускай мяжы пагранічнікі знайшлі паветраны шар з грузам кантрабандных цыгарэт. Кантрабандысты збіраліся пераправіць тавар у Еўрасаюз, але палёт перарваўся каля самай мяжы.
Пакунак, абматаны чорнай плёнкай, знайшлі ў Шацкім раёне. Да яго быў прымацаваны канат з рэшткамі паветранага шара.
Унутры знаходзілася 1500 пачак цыгарэт маркі «Мінск» з беларускімі акцызамі, а таксама два GPS-трэкеры: адзін з сім-картай беларускага аператара, другі — польскага.
Мяркуючы па наяўнасці польскай сім-карты і маршруце, груз ляцеў у бок Польшчы. Кошт канфіскаванага тытуню ацэньваецца прыкладна ў 90 тысяч грыўняў (каля 2200 даляраў).
Цяпер паліцыя высвятляе, хто быў «дыспетчарам» гэтага паветранага рэйса.