БЕЛ Ł РУС

У Беларусі пастрожылі патрабаванні да ламбардаў

17.12.2025 / 10:26

Nashaniva.com

У Беларусі ўвялі новыя патрабаванні да ламбардаў. Гэта прадугледжана ўказам Лукашэнкі, які ўдасканальвае рэгуляванне мікрафінансавай дзейнасці, паведамляе Office Life. 

Фота: Яндэкс-карты

Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Нацбанка Мікалай Дзік, калі прадмет, здадзены ў ламбард, быў набыты, але пасля па яго звярнуўся ўладальнік з патрабаваннем вярнуць маёмасць, ламбард будзе абавязаны кампенсаваць страты сумленнаму пакупніку. Паколькі ламбард недастаткова пракантраляваў у сваіх бізнэс-працэсах момант пацвярджэння таго, што прадмет закладу сапраўды належаў чалавеку, які яго заклаў.

Дадаткова да ламбардаў устанаўліваюцца патрабаванні да дзелавой рэпутацыі кіраўнікоў і бенефіцыярных уладальнікаў гэтай юрыдычнай асобы. На думку Нацбанка, гэта будзе стымуляваць бізнес да большай сацыяльнай адказнасці.

У цэлым, як падкрэслілі ў Нацбанку, указ змяняе дзеючы падыход да вызначэння мікрафінансавай дзейнасці. Цяпер такой дзейнасцю будзе лічыцца заключэнне нават аднаго мікрапазыку. Раней патрабавалася два і больш выпадкі.

Аператары сотавай сувязі таксама атрымалі права прадастаўляць спажывецкія мікрапазыкі ў памеры да 200 базавых велічынь (сёння — 8400 рублёў, з 1 студзеня — 9000 рублёў). На такую ж суму атрымалі права прадастаўляць мікрапазыкі і ламбарды — без закладу і за кошт сродкаў аператараў анлайн-пазыкі. Раней мікрапазыкі былі толькі залогавымі, падкрэсліў Мікалай Дзік.

Акрамя таго, у Нацбанку ўдакладнілі, што дакументам забаронена камерцыйным мікрафінансавым арганізацыям прыцягваць у пазыку ад уласнікаў маёмасці, іх заснавальнікаў (удзельнікаў) грашовыя сродкі на кабальных умовах, гэта значыць з выплатай працэнтаў за карыстанне ў памеры, які перавышае ўстаноўлены рэгулятарам максімальны ўзровень.

Таксама забаронена прадастаўляць уласнікам маёмасці, заснавальнікам (удзельнікам), работнікам такой арганізацыі і Нацыянальнага банка пазыкі на льготных умовах — без выплаты працэнтаў за карыстанне імі або з выплатай працэнтаў у памеры ніжэйшым за ўстаноўлены Нацыянальным банкам максімальны ўзровень.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула