БЕЛ Ł РУС

Вырашыўся лёс хлопчыка, які трапіў у прытулак з-за таго, што маці не адправіла яго ў школу

17.12.2025 / 10:53

Nashaniva.com

У пачатку снежня стала вядома пра 7‑гадовага Ваню з-пад Мазыра. 16 верасня дзіця забралі ў прытулак пасля таго, як маці не адправіла яго вучыцца ў школу — гэта было адным з двух крытэрыяў, паводле якіх пазней хлопчыка паставілі ў сацыяльна небяспечнае становішча.

Ілюстрацыйнае фота Onliner.by

Забраць Ваню быў гатовы бацька, які на той момант жыў асобна. Аднак сына мужчыну не аддалі: былая жонка паўтара года не дазваляла яму бачыцца з дзіцем, і таму, як лічылі спецыялісты, дзіцяча-бацькоўскія адносіны патрабавалі аднаўлення.

Пакуль Уладзімір адчайна змагаўся за тое, каб вярнуць сына дадому, маці хлопчыка трапіла ў псіхіятрычную клініку. Учора адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, і сітуацыя вырашылася на карысць бацькі, піша Onliner.by.

Увесь гэты час мужчына разрываўся паміж прытулкам, псіхіятрычнай клінікай (маці хлопчыка дагэтуль праходзіць лячэнне) і рознымі інстанцыямі. Уладзімір ездзіў у Мазырскі сацыяльна-псіхалагічны цэнтр, неаднаразова сустракаўся з псіхолагамі, праходзіў тэст за тэстам, каб даказаць: нягледзячы на вымушаную паўтарагадовую разлуку, цеплыня ў адносінах з сынам нікуды не знікла.

У аўторак, 16 снежня, адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, па выніках якога было прынята рашэнне вярнуць Ваню бацьку.

— Мне з самага пачатку было незразумела, чаму крытэрыі сацыяльна небяспечнага становішча былі ў тым ліку і да мяне, калі ўсім было вядома: апошнія паўтара года Валянціна не давала мне бачыцца з сынам, ігнаруючы рашэнне суда. Я больш за 80 разоў за год прыязджаў да дзіцяці, але яна ні разу не пусціла мяне да яго: проста зачынялася ў доме. І ў школу не павяла ні ў мінулым, ні ў гэтым годзе. Я ж двойчы падаваў заяву аб залічэнні сына ў першы клас, але яе адхілялі з-за таго, што ў дзіцяці няма неабходных дакументаў, у прыватнасці медыцынскай даведкі. І атрымліваўся такі замкнёны круг.

Учора Ваня ўжо быў дома. Упершыню за паўтара года ён правёў вечар разам з бацькам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула