З калонамі, ляпнінай і сцэнай. У Мінску прадаюць былы Палац культуры
У Мінску ў былым закрытым пасёлку міністэрства дзяржаўнай бяспекі на аўкцыён выставілі былы Дом культуры. Знаходзіцца ён на вуліцы Маневіча. Будынак пабудаваны ў 1952 годзе і захаваў рысы мінулай эпохі: калоны, франтон, ляпніну і высокія столі. Аб'яву заўважыў Onliner.
Агульная плошча аб'екта — 1187 кв. м. Будынак з двух паверхаў цагляны, з жалезабетонным падмуркам і драўлянымі перакрыццямі. Разам з ім пераможца таргоў атрымлівае і ўчастак — 12 сотак, але не ва ўласнасць, а ў арэнду да 2043 года.
Планіроўка цалкам «клубная»: прасторнае фае, некалькі кабінетаў, канцэртная зала са сцэнай, асобны пакой кінамеханіка.
Ёсць абедзенная зала, кухня і складскія памяшканні — фармат дазваляе праводзіць банкеты, мерапрыемствы або цалкам перарабіць прастору ў нешта новае.
Унутры аб'екта часткова захавана аздабленне. Сцены пафарбаваныя, падлогавае пакрыццё абноўлена, месцамі яшчэ засталася ляпніна і молдынгі. Пры гэтым частка памяшканняў відавочна патрабуе рамонту.
Пачатковая цана палаца — 1 630 200 рублёў.