Каты мяўкаюць часцей, калі вітаюць гаспадароў
Новае даследаванне паказала цікавую асаблівасць у зносінах нашых гадаванцаў: каты, здаецца, думаюць, што мужчынам патрабуецца больш гучных сігналаў, каб звярнуць на сябе ўвагу.
Фота: vecteezy
Гаспадары сабак звычайна ўпэўненыя, што добра разумеюць сваіх гадаванцаў, а вось гаспадары катоў часта губляюцца ў здагадках наконт паводзін сваіх улюбёнцаў. Катоў даследавалі менш, чым сабак, збольшага таму, што гэтыя жывёлы аддаюць перавагу знаходжанню дома і дрэнна пераносяць лабараторныя ўмовы. Аднак турэцкія навукоўцы паспрабавалі зазірнуць у іх прыватнае жыццё.
Пра вынікі іх даследавання, апублікаваныя ў часопісе Ethology, расказвае The New York Times. Даследчыкі папрасілі добраахвотнікаў надзець непрыкметныя камеры і запісаць першыя хвіліны свайго вяртання дадому, паводзячы сябе максімальна натуральна.
Прааналізаваўшы запісы 31 удзельніка, навукоўцы выявілі выразную сувязь: каты мяўкаюць значна часцей, калі сустракаюць гаспадароў.
У сярэднім пры сустрэчы з мужчынамі каты выдавалі каля 4,3 мяўкання (альбо іншых гукаў, такіх як вуркатанне) за 100‑секундны адрэзак часу. Для жанчын гэты паказчык складаў усяго 1,8 раза. Ніякія іншыя фактары — ні пол і ўзрост жывёлы, ні наяўнасць іншых катоў у доме — не паўплывалі на вынік так моцна, як пол чалавека.
Каманда вылучыла гіпотэзу, што мужчынам патрабуюцца больш відавочныя гукавыя сігналы, каб заўважыць патрэбы свайго ката і адрэагаваць на іх. Іншымі словамі, даследчыкі мяркуюць, што многія каты прыйшлі да высновы: мужчыны не заўсёды ўважліва слухаюць ці разумеюць тонкія намёкі, таму жывёлы скарэктавалі свае паводзіны і сталі больш «гучнымі». Жанчыны ж, паводле ранейшых даследаванняў, схільныя больш размаўляць са сваімі гадаванцамі і лепш счытваюць іх сігналы.
Аднак іншыя навукоўцы заклікаюць ставіцца да гэтых высноў з асцярожнасцю. Эвалюцыйны біёлаг Джонатан Лосас адзначае, што гіпотэза пра «няздагадлівасць» мужчын гучыць праўдападобна, але выбарка ў даследаванні была занадта малой. Акрамя таго, нельга выключаць, што мужчыны і жанчыны маглі па-рознаму выконваць інструкцыі падчас эксперыменту.
Аўтары працы прызнаюць, што на вынікі маглі паўплываць і культурныя асаблівасці, бо ўсе ўдзельнікі жылі ў Турцыі. Нядаўнія даследаванні паказалі, што зносіны паміж катамі і людзьмі адрозніваюцца ў розных культурах. У Турцыі мужчыны звычайна радзей уступаюць у вербальнае ўзаемадзеянне, што магло прымусіць катоў мяўкаць больш настойліва, каб дамагчыся рэакцыі.
Тым не менш, разуменне такіх нюансаў важнае для дабрабыту жывёл. Каты — майстры хаваць свае праблемы, і чым лепш людзі навучацца расшыфроўваць іх «мову», тым лепш змогуць клапаціцца пра сваіх гадаванцаў. Як адзначаюць эксперты, каты ўвесь час спрабуюць з намі размаўляць — проста людзям трэба навучыцца іх разумець.
Чытайце таксама:
У Гродзенскім заапарку працуе кошка
Чаму каты і кошкі так лёгка пралазяць у вузкія шчыліны? І не толькі
«Яны зусім не асацыяльныя». У катоў налічылі пад 300 «выразаў твару»