Мінчука асудзілі на 10 гадоў за махлярства з пастаўкай аўтамабіляў
Ён падмануў 38 чалавек на 1,8 млн рублёў.
Ілюстрацыйнае фота
З 2018 года мужчына, які зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, займаўся падборам і пастаўкамі аўтамабіляў з ЕС «пад ключ». Свае паслугі ён актыўна рэкламаваў і аказваў праз сацсеткі, а таксама афіцыйны сайт.
Аднак у 2023 годзе мінчук ахапіўся азартнымі гульнямі. З гэтага моманту ўсе атрыманыя ад кліентаў грошы ён траціў на стаўкі ў букмекерскіх канторах, паведамляе СК.
У кастрычніку 2023 года да бізнэсмена звярнуўся мужчына, і яны заключылі дамову на падбор аўтамабіля ў пэўнай цэнавай катэгорыі. Праз некалькі месяцаў прадпрымальнік паведаміў, што знойдзены аўтамабіль, які не трапляў у сур’ёзныя дарожна-транспартныя здарэнні і знаходзіцца ў выдатным тэхнічным стане.
Даверыўшыся «прафесіяналу», кліент набыў аўтамабіль і аплаціў паслугі падбору. Аднак у далейшым дыягностыка на станцыі тэхнічнага абслугоўвання паказала, што аўто пабывала ў сур’ёзным ДТЗ і ў ім адсутнічаюць падушкі бяспекі.
Несумленны выканаўца спачатку адмаўляў выяўленыя недахопы, але пазней прызнаў сваю віну і прапанаваў дапамогу ў пошуку новага пакупніка. Ён забраў аўтамабіль на рэалізацыю, напісаўшы распіску, і вусна дамовіўся з уладальнікам, што пацярпелы асабіста будзе прысутнічаць на здзелцы. Аднак свайго слова ён не стрымаў. Пра тое, што маёмасць прададзена, кліент даведаўся праз некалькі месяцаў, калі вырашыў высветліць прычыну невыканання абавязацельстваў з боку прадпрымальніка. Той паабяцаў перадаць грошы ад продажу праз некалькі дзён, аднак так гэтага і не зрабіў.
За два гады бізнэсмен ашукаў больш за 38 пацярпелых.
Яны заключалі з ім дамовы і перадавалі перадаплату. У якасці «доказу» выканання сваіх абавязацельстваў мінчук дасылаў фота і відэа аўтамабіляў, якія нібыта «затрымаліся» на мяжы. На патрабаванні вярнуць грошы мужчына адказваў толькі адгаворкамі, што знаходзіцца ў іншым горадзе, прадае кватэру і зможа разлічыцца, а пазней увогуле перастаў адказваць на званкі і паведамленні.
Следчымі дапытаны пацярпелыя і сведкі, канфіскавана і агледжана дакументацыя. Сума нанесенай шкоды склала больш за 1,8 млн рублёў.
Па выніках расследавання бізнэсмену выстаўлена абвінавачанне па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 211 (прысваенне маёмасці асобай, якой яна была ўверэна, у буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.
Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у21 тыс.