У жыхара Гродна дасталі ныркавы камень памерам з мячык для гольфу
Судовыя эксперты Гродзеншчыны сутыкнуліся з рэдкім выпадкам: на даследаванне паступіў ныркавы камень унушальных памераў — дыяметрам каля 4 сантыметраў. Напрыклад, дыяметр мячыка для гольфа — 4,2 см.
Гэты камень быў выдалены хірургічным шляхам у жыхара Гродна. Для вызначэння дакладнага хімічнага складу каменя, што з’яўляецца ключавым этапам у пастаноўцы дыягназу і прызначэнні далейшага лячэння, пацыент звярнуўся да экспертаў-хімікаў, таксама памер каменя выклікаў асаблівы інтарэс, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
«Веданне дакладнага складу дазволіць дактарам падабраць найбольш эфектыўнае лячэнне, скарэктаваць дыету і прадухіліць утварэнне новых камянёў у будучыні», — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчаісных доказаў біялагічнага характару Елізавета Радзівон.
Судовыя эксперты ў ходзе даследавання высветлілі, што такі камень з’яўляецца змяшаным па складзе, у ім змяшчаюцца аксаляты, фасфаты і іёны кальцыя. Такі тып ныркавых камянёў у людзей сустракаецца часцей за ўсё.
Гродзенскія эксперты-хімікі першымі сярод усіх абласных упраўленняў ДКСЭ прапанавалі метадыку вызначэння хімічнага складу ныркавых камянёў і з кастрычніка 2016 года сталі праводзіць адпаведную экспертызу, распрацаваўшы метадычныя рэкамендацыі. Гэтая паслуга адразу ж выклікала цікавасць у грамадзян. Па сённяшні дзень яна карыстаецца папулярнасцю, бо вынікі даследаванняў дапамагаюць дактарам-уролагам разабрацца ў прычынах мачакаменнай хваробы і падабраць пацыенту адпаведную дыету для мінімізацыі рызыкі рэцыдыву.
Штогод у абласным экспертным ведамстве ў сярэднім праводзіцца больш за 100 даследаванняў хімічнага складу ныркавых камянёў.