ЗША ўхвалілі продаж Тайваню рэкорднай партыі ўзбраення — на 11 млрд даляраў
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўхваліла продаж Тайваню рэкорднай партыі ўзбраенняў — на суму 11,1 мільярда даляраў. У пакет, у прыватнасці, увайшлі сістэмы HIMARS, супрацьтанкавыя ракеты Javelin, беспілотнікі Altius, гаўбіцы, а таксама камплектуючыя да іншага абсталявання, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
Стральба з устаноўкі HIMARS. Ілюстрацыйнае фота: Serhii Mykhalchuk/Global Images Ukraine via Getty Images
Як адзначае агенцтва Reuters, абвяшчэнне пра продаж зброі адбылося на фоне ўзмацнення з боку Пекіна ваеннага і дыпламатычнага ціску на Тайвань. У Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што продаж служыць «нацыянальным інтарэсам, эканоміцы і бяспецы ЗША». Таксама адзначаецца, што пастаўкі ўзбраення Тайваню «будуць спрыяць падтрыманню палітычнай стабільнасці, ваеннага балансу і эканамічнага прагрэсу ў рэгіёне».
Міністэрства абароны Тайваня ў сваёй заяве выказала падзяку ЗША за продаж зброі, якая, паводле ведамства, дапаможа Тайваню захаваць «дастатковыя магчымасці для самаабароны». У міністэрстве таксама дадалі, што пакет знаходзіцца на стадыі разгляду ў Кангрэсе ЗША, які мае магчымасць заблакаваць або змяніць здзелку.
Міністэрства замежных спраў Кітая выступіла з крытыкай продажу ўзбраення Тайваню. У ведамстве заявілі, што гэта парушае дыпламатычныя дамоўленасці паміж Кітаем і ЗША, наносіць сур’ёзную шкоду суверэнітэту, бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці Кітая, а таксама падрывае рэгіянальную стабільнасць.