БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Мінска зносяць гаражы — унікальны помнік даваеннага канструктывізму

22.12.2025 / 7:0

Ф. Раўбіч

У Мінску пачаўся знос гістарычнага будынка, схаванага ў дварах праспекта Незалежнасці. Пад коўш экскаватара трапіў рэдкі для сталіцы ўзор даваеннай прамысловай архітэктуры — гаражы, спраектаваныя знакамітым архітэктарам Герасімам Якушкам. Усе іншыя ацалелыя ў Мінску будынкі гэтага майстра маюць ахоўны статус, але гаражам яго так і не паспелі надаць. 

Знос даваенных гаражоў у Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Пра пачатак дэмантажу паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына». Будынак месціцца па адрасе праспект Незалежнасці, 81А, у двары Акадэміі мастацтваў. Ён быў узведзены ў 1932 годзе як спецыялізаваны гараж на 20 аўтамабіляў для аўтадарожнага камбіната «Галоўдартранса» (пазней — аўтадарожнага тэхнікума).

Знос даваенных гаражоў у Мінску. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Гаражы перад зносам. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Гаражы мелі складаную планіровачную форму: частка сцен выступала «зубцамі», нібы піла, што было абумоўлена тэхналагічным працэсам. Вядома, што парковачныя месцы, размешчаныя пад вуглом да праезда, з’яўляюцца больш зручнымі для заезду аўтамабіляў, і рэалізацыя гэтага прынцыпу адбілася і на знешнім выглядзе будынка.

Праект гаражоў аўтарства Герасіма Якушкі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

На арыгінальным праекце Якушкі відаць, што гаражы мелі чатыры выезды, размешчаныя адзін насупраць аднаго. У адной частцы будынка знаходзілася зона абслугоўвання з памяшканнямі вулканізацыі, шынамантажу з кампрэсарам, механічным цэхам, аглядным месцам і мыйняй. У другой частцы будынка былі толькі невялікія памяшканні, прызначаныя для загадчыка гаража і шафёра.

Даследчыкі адзначаюць, што гэта быў адзін з нямногіх даваенных гаражоў у горадзе, які дайшоў да нашых дзён амаль у першапачатковым выглядзе. Аднак адсутнасць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці падпісала яму прысуд.

За амаль стагоддзе эксплуатацыі без капітальнага рамонту будынак даваенных гаражоў дэградаваў, але не страціў пазнавальных канструктывісцкіх рысаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

«Зубцы» сцен даваеннага гаража. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

«Зубцы» сцен даваеннага гаража. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Хто такі Герасім Якушка?

Аўтар праекта гаражоў — знакавая постаць для беларускай сталіцы. Герасім Якушка нарадзіўся ў 1900 годзе ў сялянскай сям'і пад Магілёвам. Каб сын мог атрымаць адукацыю, бацька нават прадаў каня — гэтыя грошы дазволілі хлопцу паступіць у Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

Якушка вярнуўся ў Беларусь і зрабіў бліскучую кар'еру: ад простага інжынера да галоўнага архітэктара Мінска (гэтую пасаду ён займаў у 1936—1941 гадах). Менавіта ён удзельнічаў у карэктаванні генеральнага плана горада перад вайной і вызначаў аблічча будучага праспекта Незалежнасці.

Лёс дойліда склаўся трагічна: ён застаўся ў акупаваным Мінску і памёр ад тыфу ў студзені 1942 года. Пахаваны на Вайсковых могілках.

Адзіны твор без статуса

Канструктывісцкі будынак паліклінікі па вуліцы Мяснікова, 26, пабудаваны па праекце Герасіма Якушкі і прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Фота: Wikimapia

Сёння Мінск немагчыма ўявіць без будынкаў Якушкі. Сярод ягоных прац — будынак школы № 4 на вуліцы Чырвонаармейскай; будынак Мінскага палітэхнікума (праспект Незалежнасці, 85), размешчаны ў тым самым квартале, што і гаражы, усяго за некалькі дзясяткаў метраў ад іх; жылы дом Гарвыканкама (праспект Незалежнасці, 43); будынак штаба Беларускай вайсковай акругі (былая гасцініца, праспект Незалежнасці, 27); былая цэнтральная рабочая паліклініка (вуліца Мяснікова, 26) і іншыя.

Канструктывісцкі будынак АТС па вуліцы Карла Маркса, пабудаваны па праекце Герасіма Якушкі і разбураны ў час вайны. Фота 1934 г. Фота: Wikimedia Commons

Варта падкрэсліць: усе пералічаныя будынкі Якушкі, якія перажылі вайну і захаваліся ў сталіцы, сёння прызнаныя гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Гаражы ў двары Акадэміі мастацтваў былі ці не адзіным выключэннем з гэтага спіса.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула