БЕЛ Ł РУС

«Да шостай ранку пяклі». Як украінцы беларускіх палітвязняў пакармілі

19.12.2025 / 10:32

Вера Белацаркоўская

Калі ва Украіну дэпартавалі больш за сотню беларускіх палітвязняў, Марыя Анімія паехала ў Чарнігаў, каб дапамагчы як толькі можна. Дзяўчына расказала «Нашай Ніве» пра тое, як ёй дапамаглі простыя ўкраінцы.

Фота: Animia Masha / Facebook

Калі палітвязняў прывезлі ва Украіну, Марыя пачала шукаць для іх тэлефоны:

«Першае, што трэба было зрабіць — гэта забяспечыць усіх тэхнікай, каб яны маглі звязацца з роднымі і ўвогуле пачытаць навіны. У гэтым удзельнічала шмат людзей, людзі вельмі ўключыліся. Патроху прывозілі тэлефоны, але трэба было тэрмінова дакупіць іх, каб тэлефонаў хапіла на ўсіх.

Таксама трэба было набыць паўэрбанкі, бо ва Украіне [праз расійскія ракетныя ўдары] цяпер святло не заўсёды ёсць. Плюс ім хутка трэба было ў дарогу, і яны мусілі мець магчымасць быць на сувязі. І гэтая задача ўжо ўпала на мяне».

Марыя жыве ў Кіеве. Там яна пачала спешна шукаць месца, дзе можна хутка набыць шмат тэлефонаў і заплаціць за іх з Еўрасаюза, бо для гэтага выкарыстоўваліся сродкі ініцыятывы «Вольныя».

У выніку ёй дапамаглі ў кіеўскай краме тэхнікі.

«Я праседзела ў той краме з кансультантам пяць гадзін, аж да закрыцця, пакуль мы знайшлі ўсе тыя тэлефоны і прыдумалі, як заплаціць за іх. На другі дзень я забрала яшчэ паўэрбанкі».

А ўвечары перад тым, як экс-палітвязняў вывезлі ў Еўрасаюз, Марыі давялося вырашаць яшчэ адну задачу. Якая кавярня ў Чарнігаве згатуе 109 паўнавартасных ссабоек, каб беларусам было што есці падчас доўгай дарогі?

Дазвол на тое, каб даць палітвязням ежу ў дарогу, з’явіўся а 20‑й гадзіне, а выязджаць трэба было раніцай:

«Пачала званіць проста ва ўсе ўстановы». Хто ж захоча ўзяцца за такое проці ночы, ды яшчэ ў ваенны час?

Нарэшце яна дазванілася да кафэ «Праект» (Чарнігаў, Праабражэнская, 18).

Кафэ «Праект»

«Спытала ў іх пра 109 порцый, яны ўзялі пару хвілін падумаць, ці хопіць у іх прадуктаў».

Пакуль туды, пакуль сюды — толькі а 23‑й вечара ў кавярні пачалі гатаваць ежу для беларусаў. Але раніцай усё было гатова. Прычым не сухія бутэрброды, а грэчка, катлеты, салаты і садавіна.

Самі супрацоўнікі кавярні прызналіся «Нашай Ніве»:

«Спачатку, мы думалі адмовіцца, таму што ўжо позні час і ў нас не было патрэбнай колькасці прадуктаў. Але нам сказалі, што гэта для палонных, якіх прывезлі з Беларусі. Узялі час на абдумванне і вырашылі брацца. Хуценька выехалі на закупку, каб паспець да каменданцкай гадзіны набыць прадукты. Рыхтавалі простыя пажыўныя стравы, галоўнае — каб было смачна і сытна.

На прыгатаванне пайшла ўся ноч, мы слухалі музыку і крышылі салаты, рабілі катлеты. Паспелі ўсё зрабіць да 6 раніцы і даставіць. Гэта вядома выклік, таму што вялікі аб'ём і трэба было працаваць усю ноч, але мы справіліся».

Чытайце таксама:

«Дзве Беларусі. Абедзве едуць на аўтобусах МАЗ. Адзін народ — такі розны лёс»

«Ім складана прымаць дапамогу». Дзе будуць жыць палітвязні па прыездзе ў Еўрасаюз? Распыталі валанцёраў

Стала вядома, як быў арганізаваны прыём вызваленых палітвязняў адразу ў трох краінах

Каментары да артыкула