БЕЛ Ł РУС

Андрэй Швед, архітэктар рэпрэсій, прызначаны старшынёй Вярхоўнага суда

19.12.2025 / 14:35

Nashaniva.com

52‑гадовы Швед быў таксама адным з аўтараў ідэі вяртання да тэмы «генацыду беларускага народа».

Андрэй Швед

Андрэй Швед прызначаны старшынёй Вярхоўнага суда, такое рашэнне прыняў УНС. Раней ён быў генеральным пракурорам.

Андрэй Швед быў самым актыўным і ініцыятыўным з лукашэнкаўскіх сілавікоў. Гэта пад яго кіраўніцтвам працуе «камісія па вяртанні» — прычым ён усяляк ставіў палкі ў колы тым, хто хаця б намякаў на патрэбы змяншэння рэпрэсій. Пры ім пракуратура стала галоўным карным органам. А сам Швед захапіў Лукашэнку ідэяй «генацыда беларускага народа».

Швед нарадзіўся ў 1973 годзе ў Глушкавічах Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У канцы 1970‑х гадоў яго бацька загінуў у аўтамабільнай аварыі падчас паездкі на радзіму жонкі ў Магілёўскую вобласць. Неўзабаве маці разам з дзецьмі пераехала ў Леніна Горацкага раёна.

Андрэй Швед скончыў у 1996 годзе юрыдычны факультэт БДУ. У 1996—1998 гадах працаваў на розных пасадах у органах пракуратуры Мінска.

У 1998—2006 гадах праходзіў службу на розных пасадах у Генпракуратуры. У 1999—2003 гадах працаваў старшым пракурорам аддзела Генпракуратуры па наглядзе за расследаваннем крымінальных спраў і выкананнем законаў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

У 2005—2006 гадах — начальнік упраўлення прававога забеспячэння, інфармацыі і грамадскіх сувязяў Генпракуратуры. З 2006 па 2010 год — начальнік экспертна-прававога аддзела Дзяржаўнага сакратарыята Рады бяспекі.

У 2010—2011 гадах працаваў намеснікам генеральнага пракурора. З’яўляўся кіраўніком следчай групы па справе аб выбуху ў мінскім метро ў 2011 годзе.

З 2012 па 2013 года працаваў першым намеснікам старшыні Следчага камітэта.

З 22 красавіка 2013 года па 9 верасня 2020 года — старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

9 верасня 2020 года прызначаны генеральным пракурорам.

У верасні 2022 года выказаўся супраць амністыі людзей, якія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі.

У лютым 2023 года ўзначаліў камісію па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях учыненых імі правапарушэнняў.

Вярхоўны суд з 1997 года ўзначальваў Валянцін Сукала.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула