Калеснікава — Ціханоўскай: Света, ты нават не ўяўляеш, колькі я разоў уяўляла гэты момант
Сёння Святлана Ціханоўская пагаварыла па тэлефоне з Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай, што ў суботу выйшлі на волю. У прэс-службе Віктара Бабарыкі падзяліліся дэталямі размовы.
«Света, ты нават не ўяўляеш, колькі разоў я ўяўляла гэты момант — што мы з табой нарэшце ўбачымся! Але наступны крок — мы абавязкова павінны абняцца! Ведай, што я заўсёды цябе падтрымлівала. Мала хто змог бы зрабіць тое, што зрабіла ты. Я вельмі гэта цаню», — сказала Марыя Калеснікава.
Марыя кажа, што цяпер надзвычай важна вызваліць іншых людзей.
«Я не магу спакойна спаць, ведаючы, што дзяўчаты яшчэ там, і бабулі, якім па 70 гадоў. І пры гэтым выпускаюць мяне, а не выпускаюць іх. Гэта мая асабістая мэта нумар адзін. Я думаю, што вы ўсе, вы таксама да гэтага далучыцеся», — сказала яна.
«Тое, што было зроблена пасля таго, як нас першых закрылі, — гэта проста неверагодна. Неверагодна, што вы не проста ўзялі сцяг у рукі, а сапраўды захавалі нашу справу жывой. Я перакананы: пакуль яна існуе, мы можам стварыць не проста добрую і прыгожую гісторыю, а гісторыю, якой будуць ганарыцца не толькі мы з вамі, але і нашы дзеці і ўнукі. Трэба думаць пра тое, што будзе далей — і гэта ў нас наперадзе. Дзякуй усім, хто застаўся, хто ў сваіх руках утрымаў гэтую далікатную маленькую расліну пад назвай Новая, вольная і шчаслівая Беларусь», — зазначыў Віктар Бабарыка.
«Давайце проста разумець: гэты пункт — [вызваленне беларусаў] — аб’ядноўвае нас усіх. Гэта вельмі важна. Я перакананы ў дабрыні і спачуванні як адных з найлепшых рыс характару беларусаў. А гэта значыць — гэта боль і жаданне ўсіх людзей Беларусі. Думаю, Святлана, вы не горш за нас гэта разумееце — вы рабілі ўсё, што маглі. Гэта цудоўна. Дзякуй», — дадаў ён.