Зяленскі: Украіна ведае, дзе ў Беларусі будзе размешчаны «Арэшнік», і перадае даныя партнёрам
Прэзідэнт Украіны пракаментаваў імавернае размяшчэнне зброі «Арэшнік» у Беларусі.
Фота: Omar Zaghloul / Anadolu via Getty Images
«Завяршаецца перамяшчэнне «Арэшніка» на тэрыторыю Беларусі. Мы разумеем, дзе гэта будзе. Дзе будзе размяшчэнне. Мы перадаём інфармацыю нашым партнёрам. Думаю, партнёры самі могуць ацаніць гэтую пагрозу і зразумець, як рэагаваць», — паведаміў прэзідэнт Украіны.
Учора пра размяшчэнне «Арэшніка» ў Беларусі заявіў на УНС Аляксандр Лукашэнка.
«Першыя пазіцыі абсталяваныя ракетным комплексам «Арэшнік»: ён у нас з серады і заступае на баявое дзяжурства», — заявіў ён.
Сёння Лукашэнка абвергнуў нібыта інфармацыю пра размяшчэнне «Арэшніка» ў Слуцкім раёне.
«Гэта поўная хлусня. Ні ў якім Слуцку мы «Арэшнік» не размяшчалі. Размясцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта гаварыць не буду. Хоць з часам гэта і не будзе таямніцай. Такі пазіцыйны раён стварыць за кароткі прамежак часу (ці за працяглы)… Ён таямніцай не будзе», — сказаў Лукашэнка.