У Мінску цэлую вуліцу накрыла «антрапагенным» снегам
Калі вы вельмі моцна засумавалі па снезе і «сапраўдных» зімовых краявідах, для гэтага зусім не абавязкова браць квіткі на Паўночны полюс. Дастаткова ведаць «сакрэтныя» лакацыі калаідальна-няўстойлівай слаістай воблачнасці, піша Telegraf.news.
Менавіта гэты прыродны працэс у пятніцу, 19 снежня, раптам засыпаў снежнымі крупамі асобныя пункты Мінска.
Пакуль большая частка Мінска, як і ўсёй Беларусі, патанае ў густым тумане, асобныя вуліцы раптам накрыла покрывам снегу. У прагнозах сіноптыкаў нічога падобнага не было і, як аказалася, не выпадкова.
Снег, па словах спецыялістаў, аказаўся «штучным», а дакладней — антрапагенным. Яго крыніцай сталі ядры кандэнсату — мікраскапічныя часцінкі ў атмасферы (гэта можа быць пыл, соль, сажа, бактэрыі), якія ўзнікаюць, як правіла, над прамысловымі раёнамі буйных гарадоў, і вакол якіх кандэнсуецца вадзяная пара, ператвараючыся ў выніку ў драбнюткія кропелькі ці сняжынкі.
«Гэты працэс робіць нашу слаістую воблачнасць калаідальна-няўстойлівай і прыводзіць да выпадзення дробнадысперснага невялікага снегу», — патлумачылі сутнасць гэтага прыроднага працэсу аўтары тэматычнага тэлеграм-канала пра надвор'е «Метеовайб».
У выніку такім «штучным сняжком» 19 снежня накрыла спачатку вуліцу Кісялёва, а затым — вуліцу Аэрадромную. Прычым там «антрапагенны» снег у раёне недалёкай цеплавой станцыі аказаўся настолькі інтэнсіўным, што спецыялісты нават назвалі яго «лакальным снегападам». Мясцовыя ж жыхары падзяліліся кадрамі, якім пазайздросцяць многія беларусы, што засумавалі па снезе.
Чытайце таксама:
На Мінскім узвышшы назіраюцца ледзяныя туманы ФОТАФАКТ