БЕЛ Ł РУС

Жанчына памылкова перавяла грошы на чужы рахунак — каб іх вярнуць, ёй давялося звяртацца ў суд

20.12.2025 / 16:1

Nashaniva.com

У красавіку жыхарка Наваполацка памылкова перавяла са свайго рахунку 350 рублёў на карту кліента іншага банка. Калі яна гэта зразумела, то звярнулася ў свой банк з заявай аб вяртанні грошай, пішуць «Мінск-навіны».

Супрацоўнікі банка, у сваю чаргу, накіравалі паведамленне калегам з іншага банка з просьбай паведаміць атрымальніку грошай пра сітуацыю, якая склалася, і прапанаваць яму добраахвотна вярнуць суму.

Паведамленне банка было накіравана на адрас, пазначаны ім пры заключэнні дамовы банкаўскага абслугоўвання. Аднак, як высветлілася пазней, жанчына, якая атрымала грошы, жыла ў іншым месцы і не паведаміла банку пра змену адраса, таму карэспандэнцыя з прапановай аб добраахвотным вяртанні сумы вярнулася.

Праз чатыры месяцы жыхарка Наваполацка звярнулася ў суд Маскоўскага раёна Мінска з пазовам да банка атрымальніка памылковага грашовага пераводу. У заяве яна прасіла вызначыць асобу, якая незаконна атрымала яе грошы, і ажыццявіць замену адказчыка з банка на фактычнага атрымальніка грошай.

Суд устанавіў атрымальніка грошай і зрабіў замену адказчыка з банка на грамадзянку, якая атрымала грошы. Яна прызнала патрабаванні.

Жанчына лічыла, што 350 рублёў ёй перавёў хтосьці са знаёмых. У той жа час, паколькі спрэчка ўзнікла з прычыны памылкі пазоўшчыцы, адказчыца не пагадзілася з ускладаннем на яе судовых выдаткаў па справе.

Суд вынес рашэнне аб задавальненні патрабаванняў пазоўніцы і спагнанні з адказчыцы 350 рублёў. Таксама суд спагнаў з яе на карысць пазоўніцы судовыя выдаткі па аплаце пошліны — 84 рублі, а таксама выдаткі на юрыдычную дапамогу 100 рублёў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула