Каталікам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі дазволілі не пасціць 2 студзеня
Яшчэ адно свецкае свята стала падставай для адмены пятнічнага паста ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-Каталіцкай царквы. Раней гэта былі Дзень жанчын і Дзень Перамогі, а цяпер — другі дзень святкавання Новага года, 2 студзеня, які з'яўляецца ў Беларусі выхадным днём і прыпадае ў 2026 годзе на пятніцу, піша Katolik.life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Браслав Online
Для хрысціян устрыманне ад спажывання мясных страў па пятніцах — старажытная практыка як напамін пра распяцце Ісуса Хрыста ў Вялікую пятніцу. Звычайна пятнічны пост адмяняецца тады, калі пятніца прыпадае на ўрачыстасці ці асаблівыя святочныя перыяды паводле літургічнага календара.
2 студзеня ў літургічным календары Каталіцкай царквы няма свят і ўрачыстасцяў.
Таксама дазвол не выконваць пост дадзены сёлета і на пятніцу 26 снежня. Гэтая дата з'яўляецца другім днём святкавання Божага Нараджэння і ў Беларусі сёлета яна таксама выхадны дзень.
Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп, мітрапаліт Юзаф Станеўскі патлумачыў удзяленне дыспенсацыі (вызвалення) ад абавязку ўстрымання ад ужывання мясных страў «духоўным спажыткам вернікаў».
Дыспенсацыя ўдзяляецца ўсім католікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама ўсім, хто ў гэты дзень будзе знаходзіцца на яе тэрыторыі. Тым, хто будзе карыстацца дыспенсацыяй, трэба прачытаць любую малітву ў інтэнцыі Папы.
Пра аналагічныя распараджэнні кіраўнікоў іншых дыяцэзій Каталіцкай царквы ў Беларусі, а таксама епіскапаў праваслаўнай царквы, пакуль не паведамлялася.
Чытайце таксама:
У Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі дазволілі вернікам 9 мая не трымаць пятнічны пост
Каталіцкі арцыбіскуп афіцыйна дазволіў вернікам есці мяса на свята 8 сакавіка
Арцыбіскуп Станеўскі дазволіў католікам есці мяса на Новы год і праваслаўнае Раство