Гайд па месцах, дзе можна традыцыйна адсвяткаваць Каляды
Сёння калядоўшчыкі зрэдку ходзяць ад хаты да хаты. Але ў некаторых музеях можна паўдзельнічаць у гэтых абрадах, пакаштаваць традыцыйныя стравы і паглядзець батлейку.
Каляды ў Суле. Фота: parksula.by
Каляды ў традыцыйнай беларускай культуры былі часам, калі ў адной хаце суіснавалі розныя сусветы. Хрысціянскія малітвы і народныя ўяўленні, побыт і чараўніцтва не супярэчылі адно аднаму. Да свята хаты ўпрыгожвалі саламянымі «павукамі», якія мусілі бараніць дом, спявалі калядкі.
Каза, падрыхтаваная да абыходу. Часта яе ролю выконвалі пераадзетыя каляднікі. Фота аўтара
Калядны час адкрываў перыяд забаў і гасцяванняў: людзі хадзілі ў госці адзін да аднога, спявалі, танчылі і гулялі. Асобнае месца займала варажба — асабліва сярод дзяўчат, якія спрабавалі даведацца пра будучае замужжа, сям’ю і дзяцей. На Гомельшчыне, напрыклад, такой варажбы зафіксавана асабліва шмат.
Саламяны павук над кроснамі — абаронца дому. Аршанскі этнаграфічны музей «Млын». Фота аўтара
Ніжэй — некалькі месцаў у Беларусі, дзе традыцыйныя калядныя абрады спрабуюць захаваць жыўцом.
Музей народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам
27 снежня, 13:00—14:30
Каляды ў Музеі народнай архітэктуры і побыту аднаўляюць не як шоу, а як абрад.
Аснова праграмы — калядны абыход, у якім могуць паўдзельнічаць і госці музея: калядоўнікі віншуюць гаспадароў, гучаць абрадавыя песні, у тым ліку «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць», з’яўляюцца калядныя персанажы і бэтлеемская зорка. Асобнае месца займае батлейка — традыцыйны лялечны тэатр.
Акрамя абыходу, наведвальнікі змогуць далучыцца да калядных заняткаў — гульняў, танцаў, вырабу ўпрыгажэнняў, а таксама да варажбы.
Вялікае княства Сула
24 снежня і 6 студзеня, 19:00
У комплексе «Вялікае княства Сула» Каляды прапануюць перажыць у фармаце тэматычнай вячэры «Калядная спадчына Беларусі». Падчас свята госці не проста назіраюць, а становяцца часткай абрадаў — у тым ліку «Калядных цароў» і «Пячы ката».
Для гасцей рыхтуюць святочную вячэру з традыцыйных страў, якія ў беларускай культуры звычайна гатавалі толькі раз на год — падчас калядных тыдняў.
У Суле Каляды існуюць пераважна ў фармаце турыстычнага досведу, дзе абрад адаптаваны пад удзел гасцей.
Веткаўскі музей (філіял у Гомелі)
25 снежня, 14:00
У філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі Каляды прапануюць асэнсаваць праз камерны фармат майстар-класа. Тут можна зрабіць калядную свечку з вашчыны — просты, але сэнсава насычаны элемент, звязаны з хатняй утульнасцю і чаканнем цуду.
Такі фармат — прыклад таго, як да каляднай традыцыі сёння можна дакрануцца не толькі праз абрад, але і праз асобныя прадметы і практыкі.
«Фальварак Раскоша» (Мядзельскі раён)
Ад 10 снежня па 15 студзеня
У «Фальварку Раскоша» Каляды адзначаюць не ў пэўны час, а па пярэдняй замове. Праграма іх інтэрактыву створаная вакол адноўленага абраду: з каляднымі персанажамі, танцамі, карагодамі і гульнямі.
Наведвальнікам таксама гатуюць традыцыйны абед у карчме, ладзяць майстар-класы і прапануюць заданні і гульні.
Фармат святкавання разлічаны на розныя сцэнары, а пры жаданні можна застацца на ноч.