Былога фігуранта справы «Белага легіёна» зноў арыштавалі па крымінальнай справе
Сяргей Стрыбульскі, былы ўдзельнік так званай «справы Белага легіёну», сфабрыканавай уладамі ў 2017 годзе, зноў затрыманы паводле крымінальнага артыкула. Пра гэта выданню «Позірк» паведаміла інфармаваная крыніца.
Сяргей Стрыбульскі. Фота: «Новы час»
Паводле слоў крыніцы «Позірка», Сяргея Стрыбульскага затрымалі яшчэ 14 лістапада, пасля чаго ён адбыў два адміністрацыйныя арышты. А ўжо з 12 снежня яго ўтрымліваюць у межах крымінальнай справы. Цяпер Стрыбульскі знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4, частка якой выкарыстоўваецца як следчы ізалятар.
Як адзначае крыніца, супраць Сяргея Стрыбульскага выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361⁴ Крымінальнага кодэкса — за нібыта ўцягванне іншых асоб у экстрэмісцкую дзейнасць і садзейнічанне ёй.
Упершыню Стрыбульскага затрымлівалі ў 2017 годзе ў межах гучнай справы «Белага легіёну». Тады ён правёў за кратамі 99 дзён, але справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства. Пазней, восенню 2021 года, яго зноў затрымлівалі, канфіскаваўшы тэхніку і так званую «пратэсную сімволіку».
У 2022 годзе, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», Стрыбульскага затрымалі 23 сакавіка — напярэдадні Дня Волі. На наступны дзень яго арыштавалі на 15 дзён. Пасля вызвалення ён расказваў знаёмым, што падчас затрымання яго збівалі і выкарыстоўвалі электраток.
Чытайце таксама:
Стрыбульскі, Фёдараў, Зімніцкі — вызваленыя яшчэ тры фігуранты «справы патрыётаў»
У Мінску затрыманы былы фігурант справы «Белага Легіёна» Сяргей Стрыбульскі