БЕЛ Ł РУС

«Нячасты прыклад таго, як прыйсці да беларушчыны ў дарослым веку». Беларусы згадваюць Мікіту Мелказёрава

21.12.2025 / 21:38

Nashaniva.com

Папулярны ютуб-блогер Мікіта Мелказёраў раптоўна памёр у 37 гадоў. Многія беларусы пішуць у сацсетках, што ў шоку, не могуць падабраць слоў і паверыць, што Мікіты больш няма.

Мікіта Мелказёраў. Фота: сацсеткі

«Гэта несправядліва. Гэта балюча. Гэта невыносна. Мікіта, мы шмат што зрабілі, але яшчэ больш павінны былі зрабіць…»,

пакінуў словы Максім Беразінскі, кіраўнік «Трыбуны», дзе калісьці працаваў Мелказёраў.

«Як і вы, я не магу паверыць. Не стала чалавека, які пераконваў нас: жыццё — маліна, і яно вартае таго, каб жыць яго сумленна і па-свойму. Ён паказваў, што сярод нас так шмат цудоўных беларусаў, што іх хапала на цэлыя сезоны «Маліны». Яскравы і харызматычны — такім я буду памятаць Мікіту. Сёлета ён далучыўся да вядзення «Мовы нанова» на «Белсат». У нас былі іншыя планы. Цяпер засталася цішыня, якая балюча рэжа, і ўдзячнасць за тое, што ён быў. Выказваю глыбокія спачуванні сям’і і блізкім Мікіты. Светлая памяць», — напісала дырэктарка «Белсата» Аліна Коўшык.

Журналіст і былы палітзняволены Ягор Марціновіч падзяліўся такім успамінам:

«Для мяне Мікіта Мелказёраў — нячасты прыклад таго, як прыйсці да беларушчыны ў дарослым узросце, ужо сфарміраванай асобай. Не проста перайсці на беларускую мову, бо па працы трэба, а цалкам, у жыцці. А ён вось пасля 2020 года адчуў такую патрэбу.

Мы з Мікітам вучыліся ў адной групе на факультэте журналістыкі. І каб мне пры нашым знаёмстве сказалі, як закруціцца жыццё і што гэты пацан з дзясяткам татух і тунэлямі ў вушах стане адным з самых папулярных грамадска-палітычных блогераў краіны і што ён будзе рабіць па-беларуску інтэрв’ю на сотні тысяч праглядаў… Ды ні за што ў жыцці не паверыў бы. А яно вось як…»

«Мікіта памёр. Я яго любіла і моцна захаплялася, у ім было жыцця многа. Проста шугала. Мікіта, хочацца сказаць, Мікіта, як жа так?!» — апублікавала пісьменніца Святлана Курс.

Паэт Уладзімір Някляеў прысвяціў Мелказёраву верш:

«Жыццё маліна, ці палын?»
— Спытаў аднойчы бацьку сын.
І той сказаў, абняўшы сына:
«Каму — палын, каму — маліна».

«На 37‑м годзе пайшоў з жыцця вядомы беларускі журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў. Апошняе, што ён паспеў, дык гэта зрабіў камплімент маёй сівой барадзе. Раней, на яго пытанне ў праграме «Жыццё — маліна?», я адказаў — не, хутчэй выпрабаванне! І ў кожнага яно сваё…» — напісаў праваабаронца Леанід Судаленка.

«Не ведаю, як данесці гэта да польскіх уладаў, разумею, што думкі родных і блізкіх Мікіты цяпер зусім пра іншае. Але гэта вельмі дзіўная смерць. Раптоўна памёр адзін з ключавых людзей у беларускім медыяполе. «Жыццё-маліна» ў Беларусі — як тэлекнопка нумар адзін у эпоху тэлебачання. Гэтая раптоўная смерць патрабуе ўважлівага расследавання», — мяркуе рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.

«Беражы сябе» — літаральна некалькі дзён назад напісаў мне Мікіта», — падзяліўся блогер Ігар Лосік.

«Мікіта Мелказёраў сышоў, але назаўжды застаўся», — напісала журналістка і былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна.

«Шок. Не магу паверыць, што не стала Мікіты Мелказёрава. Ён аб'ектыўна быў найлепшым інтэрв'юерам Беларусі, ніхто так старанна не вывучаў сваіх герояў. Хоць размовы з ім былі няпростымі, рада была быць яго суразмоўцам. Спачуванні родным і блізкім Мікіты», — пакінула допіс галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула