Трамп адклікае 29 амерыканскіх дыпламатаў з замежных пасольстваў, у тым ліку з Еўропы
На мінулым тыдні прадстаўнікоў дыпламатычных місій як мінімум у 29 краінах папярэдзілі, што тэрмін іх паўнамоцтваў заканчваецца ў студзені, піша AP са спасылкай на крыніцы.
Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
Сярод гэтых краін — 13 афрыканскіх дзяржаў, шэсць з Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, у тым ліку Філіпіны і В’етнам, чатыры еўрапейскія краіны (Арменія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Славакія), а таксама Алжыр, Егіпет, Непал, Шры-Ланка, Гватэмала і Сурынам.
Дыпламаты, якіх адклікаюць, былі прызначаныя папярэдняй адміністрацыяй Джо Байдэна. Іх заменяць супрацоўнікамі, якія падтрымліваюць прыярытэты Трампа і адпавядаюць ягонай ідэі «Амерыка перадусім».
Politico, якое таксама паведамляла пра запланаванае адкліканне дыпламатаў, называе гэты крок «незвычайным»: хоць для новых прэзідэнтаў характэрна змяняць паслоў, кар’ерным дыпламатам, як правіла, дазваляюць працягваць працу.