Стас Міхайлаў, Міхаіл Шуфуцінскі і Наташа Каралёва праспявалі для кіраўнікоў СНД у Эрмітажы
Звычайна пляцоўка Эрмітажнага тэатра, які ўваходзіць у музейны комплекс, выкарыстоўваецца для класічных твораў, але для кіраўнікоў СНД зрабілі выключэнне. Была і ўлюбёная Аляксандрам Лукашэнкам Таісія Павалій.
Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Нядаўні нефармальны саміт лідараў краін СНД у Санкт-Пецярбургу закончыўся ўрачыстым банкетам і канцэртам у Эрмітажным тэатры. Гэтая гістарычная пляцоўка, якая звычайна прымае класічныя пастаноўкі, гэтым разам стала месцам выступу зорак расійскай поп-эстрады перад Уладзімірам Пуціным і яго гасцямі, сярод якіх быў і Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамляе журналіст крамлёўскага пула Андрэй Калеснікаў, склад артыстаў фармаваўся сур'ёзна: выканаўцаў прывезлі з Масквы спецыяльным самалётам, і, паводле яго слоў, «падбіралі старанна, выпадковых людзей не было».
«А сабралі найлепшых, вядома. Такая падзея, што вы хочаце… Прычым нефармальная», — шчыруе Калеснікаў.
Праграма вечара была насычаная некалі шырока вядомымі імёнамі: на сцэне з'явіліся Стас Міхайлаў, Міхаіл Шуфуцінскі, Наташа Каралёва, Ігар Нікалаеў, Таісія Паваліій, Мікалай Растаргуеў.
«Дэсант высадзіўся выбітны, шчыра скажам. Відавочна, што па асабістых заяўках гледачоў», — піша Калеснікаў.
З ягоных слоў, улюбёныя артысты кіраўнікоў.
«Чакалі і сядзелі ў грымёрках з раніцы, і шэсць гадзін, потым прызнаваліся, на адной вадзе… Але ад гэтага галасы толькі званчэйшымі, здаецца, станавіліся».
Адкрываў канцэрт спявак Shaman (Яраслаў Дронаў), які, як адзначае Калеснікаў, пачаў свой выступ з песні «С чего начинается Родина».
Акрамя прэзідэнтаў Расіі і Беларусі, на вечарыне прысутнічалі кіраўнікі Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана і Арменіі.
Перад банкетам лідары паспелі наведаць экскурсію па залах Эрмітажа. Аляксандра Лукашэнкі на ёй не было (магчыма, цяжка было хадзіць), далучыўся ён толькі ў самым канцы.