У Польшчы расце колькасць адмоў беларусам у выдачы праязнога дакумента. У чым прычына?
Чаму ўжонды не вераць заяўнікам і што раяць юрысты, піша BGmedia.
Адмовы замест дапамогі: што адбываецца
У Польшчы пачасціліся адмовы ў выдачы польскага праязнога дакумента для іншаземца беларусам. Пра гэта паведамілі праваабаронцы аб’яднання Partyzanka, якія працуюць з мігрантамі і вядуць бясплатную інфалінію дапамогі.
Фармальна закон на баку заяўнікаў: арт. 252a Закона аб іншаземцах проста паказвае: праязны дакумент можа быць выдадзены, калі пашпарт страчаны, скрадзены, пашкоджаны, скончыўся тэрмін яго дзеяння або калі чалавек ніколі яго не меў. Але на практыцы ўсё выглядае інакш.
«Восенню нешта змянілася»: калі пачалася хваля адмоў
Рэзкі рост адмоў фіксуецца з восені гэтага года. «Праблемы з выдачай польскага праязнога дакумента беларусам мы фіксавалі і раней, аднак да нядаўняга часу гэта былі адзінкавыя, несістэмныя выпадкі. Істотнае абвастрэнне сітуацыі мы назіраем з восені гэтага года. У кастрычніку—лістападзе рэзка вырасла колькасць зваротаў на нашу інфалінію ад беларусаў, якія атрымалі рашэнні аб адмове. Гаворка ідзе ўжо не пра асобныя інцыдэнты, а пра заўважную тэндэнцыю», — адзначаюць у Partyzanka.
Важна: праблемы тычацца не ўсіх. Калі беларус падаецца з-за скончанага тэрміну пашпарта РБ, рызыкі мінімальныя.
Часцей за ўсё адмаўляюць тым, хто заяўляе пра страту, крадзеж або пашкоджанне дакумента.
Варшава ў лідарах, але праблема шырэйшая
Афіцыйнай статыстыкі няма, але праваабаронцы бачаць, што часцей за ўсё адмовы прыходзяць з буйных гарадоў, перш за ўсё з Варшавы. Пры гэтым сігналы ідуць з розных гарадоў, што можа сведчыць пра змену агульнага падыходу ці практыкі.
Рэальныя прыклады адмоў
Partyzanka вывучыла дзясяткі рашэнняў — аргументацыя там вельмі падобная. Тыповыя кейсы:
- чалавек не змог узгадаць дакладную дату страты пашпарта — ужонд вырашыў, што страта фіктыўная.
- Пашпарт скралі за межамі Польшчы, але заяўнік не звярнуўся ў мясцовую паліцыю — адмова.
- Паліцыя адмовілася выдаваць даведку пра крадзеж — усё роўна адмова.
- Пашпарт сапсаваны ў быце (пралка, дзеці, жывёлы) — адмова.
Ва ўсіх выпадках органы робяць выснову: заяўнік нібыта працягвае мець сапраўдны пашпарт. У рашэннях сустракаюцца фармулёўкі, што грамадзяне Беларусі «масава губляюць або знішчаюць дакументы» і пазначаюць «вымысленыя абставіны».
Як павысіць шанцы на атрыманне дакумента
Юрысты раяць падыходзіць да заявы максімальна ўважліва.
- Падрабязна апісваць абставіны страты або пашкоджання.
- Пазначаць дакладныя даты, месца і паслядоўнасць падзей.
- Пры крадзяжы абавязкова звяртацца ў паліцыю і браць пацвярджэнне.
- Прыкладаць любыя доказы, нават ускосныя.
- Пазбягаць супярэчнасцяў у гісторыі.
Адмова — не канец: чаму важна абскардзіць рашэнне
Калі адмова ўжо атрыманая, яе абавязкова трэба абскардзіць. Інакш пры паўторнай падачы ўжонд можа заявіць: раз вы не скардзіліся, значыць, пагадзіліся з тым, што пашпарт у вас ёсць.
Абскарджанне падаецца праз ужонд, які вынес негатыўнае рашэнне, у вызначаныя тэрміны. Далей яно перадаецца ў орган другой інстанцыі — да Кіраўніка ўпраўлення па справах іншаземцаў (do Szefa Urzędu do Spraw Cudzoziemców).