Жыхар Бабруйска ў прыватнай перапісцы з былой жонкай абразіў яе. Яго аштрафавалі
Канфлікт паміж былымі сужэнцамі з-за аліментаў і старых даўгоў скончыўся для жыхара Бабруйска судовай пастановай і штрафам. Мужчына не стрымаў эмоцый падчас перапіскі, а жанчына пайшла ў міліцыю.
Спрэчка разгарэлася ў месенджары, дзе бакі спрабавалі вырашыць фінансавыя пытанні. У перапісцы бабруйчанін выкарыстаў слова, якое прыніжала гонар і годнасць яго былой жонкі. Жанчына вырашыла не пакідаць гэта без увагі і напісала заяву ў праваахоўныя органы.
Для ацэнкі паведамлення была прызначана лінгвістычная экспертыза.
Судовы эксперт пацвердзіў, што тэкст утрымлівае негатыўную ацэнку асобы ў ненарматыўнай форме. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у абразе і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе штрафу. Сума не называецца.