БЕЛ Ł РУС

ЗША перадалі Лукашэнку найноўшыя амерыканскія лекі для пахудзення

24.12.2025 / 11:8

Nashaniva.com

Выступаючы на УНС, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсе хваробы ад лішняй вагі і што падчас кавіду ў рэанімацыю траплялі толькі людзі з атлусценннем. Інфармаванае амерыканскае выданне The Wall Street Journal расказала, як Лукашэнка заўважыў, што Джон Коўл пахудзеў, і спытаў, як яму гэта ўдалося. Коўл у адказ паабяцаў перадаць яму ін'екцыі Zepbound. «Маючы справу з адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў свету, пасланнік Трампа зблізіўся з беларускім дыктатарам праз Zepbound і дамогся вызвалення сотняў зняволеных», — піша выданне. Яно называе тое, што адбылося ў Беларусі «найбольшым вызваленнем вязняў» таталітарным рэжымам з часоў Халоднай вайны. «Вязні — адзіны рэсурс, якога ў Лукашэнкі шмат», — адзначае выданне і раскрывае, што адбывалася ў кулуарах перамоваў.

Джон Коўл і Аляксандр Лукашэнка, 11 верасня 2025. Фота Belarusian Presidential Press Service via AP

На вячэры з пасланнікам Трампа Аляксандр Лукашэнка нечакана звярнуўся да яго з асабістым пытаннем: «Вы схуднелі?»

«Так», — адказаў Джон Коўл, спрактыкаваны адвакат, які рэпрэзентаваў інтарэсы Дональда Трампа ў судах супраць Meta і іншых сацыяльных сетак. Коўл расказаў, як скінуў вагу, выкарыстоўваючы Zepbound — ін'екцыі, эфектыўныя пры барацьбе з атлусценнем.

Гэта быў даверны момант, хоць сама дыпламатычная ініцыятыва была дзіўнаватая, піша выданне. Лукашэнка хацеў, каб Вашынгтон змякчыў шэраг санкцый супраць некаторых з самых прыбытковых кампаній яго краіны — і каб ён мог адрамантаваць свой прэзідэнцкі «Боінг».

«Узамен дыктатар быў гатовы гандляваць адзіным рэсурсам, якога ў яго шмат: палітвязнямі. Калі б Коўл дамогся поспеху, гэта магло б стаць тэставым прагонам для галоўнай мэты адміністрацыі Трампа — вывядзення Пуціна і расійскай эканомікі памерам 2 трыльёны долараў з ізаляцыі.

І, магчыма, падумалі амерыканскія чыноўнікі, ёсць спосаб дапамагчы грузнаму 71‑гадоваму кіраўніку дзяржавы, зацікаўленаму ў тым, каб скінуць вагу. Яны вырашылі вывучыць магчымасць арганізацыі паставак Zepbound для асабістых патрэб Лукашэнкі», — піша The Wall Street Journal.

Гаворка пра гэты прэпарат заходзіла не першы раз. Лукашэнка цікавіўся лекамі для пахудзення яшчэ падчас красавіцкага візіту Коўла, а блізкі памочнік настойліва раіў Лукашэнку нешта зрабіць са сваёй вагой, паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, 23 кастрычніка 2024. Фота Sefa Karacan Anadolu via Getty Images

Паcля пяці гадоў ізаляцыі Лукашэнкі цяпер Коўл рэгулярна размаўляе з Рыбаковым, паслом Беларусі пры ААН. Яны абмяркоўвалі зняццё санкцый і тое, як будуць арганізаваныя пастаўкі запчастак для самалётаў. Амерыканскія чыноўнікі працавалі над юрыдычнымі фармулёўкамі, каб знізіць рызыку таго, што кампаненты Boeing будуць таемна перапраўленыя з Беларусі ў Расію.

У сваю чаргу, Лукашэнка дзяліўся з амерыканцамі сваім разуменнем Пуціна і паспрыяў правядзенню саміту ЗША і Расіі на Алясцы мінулым летам.

Лукашэнка таксама гаварыў з амерыканцамі пра Нікаласа Мадуру, венесуэльскага дыктатара, які цяпер заблакаваны амерыканскім флотам. Ён таксама гаварыў пра свайго іншага саюзніка Сі Цзіньпіна, які абедаў з Колем, калі той вучыўся ў Пекіне.

«Гэтыя кантакты выклікалі супярэчлівую рэакцыю сярод еўрапейскіх саюзнікаў і беларускіх дысідэнтаў: яны рады бачыць, як вязні выходзяць з турмаў, але не ведаюць, як ставіцца да таго, што найбольшага ў свеце спецыяліста па захопе закладнікаў дораць увагай і робяць яму эканамічныя паслабленні.

«Гэта даволі змяшаныя пачуцці. Я адчуваю радасць, радасць за беларускіх людзей», — сказала выданню Святлана Ціханоўская. The Wall Street Journal называе яе «прызнанай міжнароднай супольнасцю пераможцай выбараў 2020 года, чый муж быў сярод тых, каго вызвалілі сёлета».

«Але, канечне, для Лукашэнкі вызваленне людзей мае сваю цану, і ён гатовы прадаваць людзей, пакуль гэта магчыма. Гэта можа выглядаць як кругавыя дзверы, якія круцяцца і круцяцца», — цытуе яе выданне. Маецца на ўвазе: Лукашэнка выпускае адных, а тым часам знявольвае іншых.

Святлана Ціханоўская сустракае вызваленага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, 13 снежня 2025. Фота: «Наша Ніва»

«Лукашэнка зняволіў больш за 30 000 пратэстоўцаў пасля таго, як ілжыва заявіў пра сваю перамогу ў 2020 годзе. Дысідэнтаў катавалі і трымалі ў поўнай ізаляцыі, выкарыстоўвалі згвалтаванні і сэксуальны гвалт для падаўлення нязгоды, гаворыцца ў справаздачы Рады ААН па правах чалавека. Праз год яго дыспетчары прымусілі самалёт Ryanair, які ляцеў над Беларуссю, сесці ў Мінску — сцвярджаючы, што на борце бомба — што дазволіла паліцыі схапіць беларускага апазіцыйнага журналіста, які быў на борце.

Пазней памежнікі гналі тысячы мігрантаў у суседнія Польшчу і Літву, адцягваючы ўвагу еўрапейскіх палітыкаў ад маштабнага нарошчвання войскаў Пуціна, у тым ліку дзясяткаў тысяч на мяжы Беларусі з Украінай. На мінулым тыдні Лукашэнка абвясціў, што новая расійская ядзерная ракета «Арэшнік» разгорнута на беларускай тэрыторыі і цяпер знаходзіцца «на баявым дзяжурстве». Ён называе Паўночную Карэю мадэллю для Беларусі, хваліць яе ядзерны патэнцыял і паўтарае яе ваяўнічую рыторыку», — піша выданне.

На гэтым свежым фота Аляксандра Лукашэнкі, магчыма, заўважны эфект амерыканскага прэпарату для пахудзення, 21 снежня 2025. Фота Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

У артыкуле прыводзіцца яшчэ некалькі цікавых фактаў.

Глебу для збліжэння краіны з Амерыкай рыхтаваў сам Лукашэнка. Адразу пасля другой інаўгурацыі Трампа Міністэрства замежных спраў Беларусі звязалася з Дзярждэпам праз канал, які звычайна выкарыстоўваецца для прадухілення ваенных канфліктаў, каб паведаміць, што Беларусь спадзяецца на «адлігу» ў двухбаковых адносінах. Вашынгтон у адказ прапанаваў, каб Беларусь сама зрабіла першы крок.

Іншы момант — з перамоваў у Мінску. За гарэлкай Коўл параўнаў міжнародныя адносіны са школьнай сталоўкай і сказаў Лукашэнку, што той сядзіць за «сталом для няўдачнікаў» сусветнай палітыкі разам з Венесуэлай, Іранам і Паўночнай Карэяй, але можа перасесці за «стол для крутых хлопцаў» з дапамогай ЗША. «Дыктатар прапаноўваў шмат тостаў з гарэлкай уласнага брэнда «Прэзідэнт», — пішацца ў артыкуле. Але Коўл выліваў змесціва чарак, пакуль Лукашэнка адварочваўся.

У ЗША месячны курс Zepbound каштуе каля 350 даляраў. Фота: AP Photo / JoNel Aleccia, File

У зняцці санкцый з калію, пра што вельмі прасіў Лукашэнка, Коўл і амерыканская каманда бачылі выгаду для амерыканскіх фермераў, піша выданне.

The Wall Street Journal адзначае, што і Аляксандр Лукашэнка падчас перамоваў выкарыстаў дадатковую прыманку: ён прапанаваў, каб Беларусь купіла больш самалётаў Boeing.

Аднак на УНС на мінулым тыдні Лукашэнка сказаў, што Беларусі ўсё ж такі самалёты Boeing не патрэбныя: «Мы дамовіліся з Пуціным, што будзем купляць расійскія самалёты».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула