У Гданьску мужчына напаў на беларуса з нажом, а потым выпадкова зайшоў да яго ў краму — і папаўся
Ігар упаў на калені і прасіў мужчыну, які размахваў нажом, не забіваць яго. Усё адбылося раптоўна: хлопец зайшоў у краму ў польскім Гданьску, а адзін з пакупнікоў прынёс на касу некалькі бляшанак піва.
Прадаваць алкаголь пасля 22:00 у горадзе нельга, таму касір адмовіў кліенту. Гэта раз'юшыла мужчыну — ён выхапіў нож і чамусьці вырашыў спагнаць злосць на беларусе-наведвальніку. Малады чалавек расказаў Most, як выратаваўся ў той вечар, а потым выпадкова сустрэўся з нападнікам і высачыў яго.
«Ногі падкасіліся, усё жыццё перад вачыма праляцела»
У той вечар Ігар з прыяцелем зайшлі ў краму Żabka на вуліцы Podwale Staromiejskie. Там працуе іх агульны сябар. У яго хутка павінна была скончыцца змена, і ўсе трое разлічвалі разам прабавіць вечар. Прыяцелі чакалі каля ўваходу ў краму, перамаўляючыся па-руску.
У гэты час 55‑гадовы нецвярозы мужчына выклаў на касу тры бляшанкі піва. Касір растлумачыў, што ў такі час паводле закона ўжо не можа прабіць алкаголь, і адклаў бляшанкі ўбок. Наведвальніку гэта відавочна не спадабалася. Спачатку ён пачаў спрачацца. Ігар успамінае: кліент казаў, што абмежаванне ўвяла Аляксандра Дулькевіч — прэзідэнт Гданьска, — а за яе мужчына, маўляў, не галасаваў. Калі ж касір патлумачыў, што піва ўсё роўна не прадасць, пакупнік азвярэў.
Ён выхапіў нож, наблізіўся да Ігара і, мацюкаючыся і размахваючы зброяй, пачаў крычаць, каб той «зваліў з яго краіны».
— У мяне быў проста шалёны страх. Ніколі не думаў, што такое ўвогуле можна адчуць. Ногі падкасіліся. У мяне быццам усё жыццё перад вачыма праляцела. Я проста гляджу і бачу, што ён неадэкватны. Ён можа адзін раз ударыць — і забіць, — успамінае Ігар.
Ён упаў на калені і пачаў прасіць не забіваць яго. У гэты момант супрацоўніца крамы, якая да таго падмятала падлогу, падскочыла да мужчыны ззаду і пырснула яму ў твар з пярцовага балончыка. Гэта дало Ігару некалькі секунд, каб выскачыць з крамы.
Тады яго сябар схапіў нападніка за рукаў, паваліў на падлогу і выцягнуў на вуліцу. Касір жа хутка запусціў маладых людзей у краму і замкнуў дзверы знутры. Мужчына з нажом застаўся звонку.
«Калі ён выпадкова прыйшоў у маю краму, я ледзь не страціў прытомнасць»
Інцыдэнт зафіксавалі камеры назірання. На наступны дзень беларус пайшоў у паліцыю і заявіў пра здарэнне. Там завялі справу па факце пагроз на нацыянальнай глебе і хуліганства.
Ігар таксама працуе ў Żabka — у іншай краме гэтай сеткі, але ў тым жа раёне Гданьска. Ён мяркуе, што пасля здарэння дэбашыр пабаяўся ісці ў ранейшую краму і таму неўзабаве з’явіўся ў яго гандлёвым пункце. Беларус адразу яго пазнаў.
— Калі ён выпадкова прыйшоў у маю краму, я ледзь не страціў прытомнасць. Мяне проста пачало трэсці. Ціск падскочыў, відаць.
Ігар адразу націснуў кнопку экстраннага выкліку і спрабаваў цягнуць час, каб ахова паспела прыехаць. Відавочна, мужчына яго не пазнаў, але беларус мяркуе, што па яго паводзінах нападнік усё ж зразумеў, што нешта не так.
— Я ўзяў у яго грошы і хвілін на пяць адышоў ад касы. Потым вярнуўся — аддаў яму рэшту. Гэта было максімальна дзіўна. Плюс у мяне трэсліся рукі, я вельмі дрэнна сябе адчуваў, — тлумачыць Ігар.
Сябар дапамог высачыць пакупніка
Гарадская ахова, па адчуваннях суразмоўцы, ехала каля 15 хвілін, таму наведвальніка яна ўжо не заспела. А Ігар пасля нечаканай сустрэчы ненадоўга зачыніў краму, каб апамятацца. І папрасіў сябра, каб той прасачыў, куды пойдзе мужчына. Гэтую інфармацыю перадалі паліцыі, і неўзабаве дэбашыра затрымалі.
Мужчыну абралі меру стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду (ён застаецца на волі, але раз на тыдзень павінен з’яўляцца ў камісарыят паліцыі), а таксама забаранілі набліжацца да пацярпелага і да крамы, у якой адбыўся інцыдэнт. Беларус атрымаў з пракуратуры ліст пра ход расследавання справы. У паліцыі паведамілі, што за злачынствы, у якіх абвінавачваюць нападніка, у Польшчы пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, але суд можа дадаткова павялічыць пакаранне ў паўтара раза.