БЕЛ Ł РУС

Уначы адбылася атака на сайт інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат». Хакеры выдалілі некалькі тысяч публікацый

25.12.2025 / 14:36

Nashaniva.com

«Усю ноч мы змагаліся з хакерскай атакай на сайт Kamunikat.org», — напісаў у фэйсбуку заснавальнік найбунейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк.

«Зламыснік здолеў атрымаць доступ да сэрвісу з узроўню адміністратара і паслядоўна выдаляў публікацыі і навіны. Каля 2:30 удалося заблакаваць ягоныя дэструктыўныя дзеянні. На жаль, яму ўдалося выдаліць некалькі тысяч публікацый і навінаў.

Аднак шкоду амаль цалкам удалося ліквідаваць: публікацыі былі адноўленыя, а навіны — вернутыя да пачатку кастрычніка. Зараз працягваюцца працы па аднаўленні стану сэрвісу на ўчорашні вечар. Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца цалкам аднавіць», — напісаў Яраслаў.

Ён дадаў, што пакуль не вядома, хто стаяў за гэтай атакай.

Беластачанін Яраслаў Іванюк заснаваў інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат» 25 гадоў таму. Гэта найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка анлайн. Там змешчаныя дзясяткі тысяч беларускіх кніг, газет, часопісаў, публікацый, навін.

Пасля 2020 года Яраслаў Іванюк заснаваў выдавецтва «Камунікат», якое друкуе папяровыя кнігі, а сам пастаянна ездзіць з кнігамі па беларускіх кніжных выставах і фестывалях.

Чытайце таксама:

Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі

Каментары да артыкула