У ЗША апублікавалі расшыфроўкі размоў, у якіх Пуцін яшчэ ў 2001‑м расказваў Бушу пра тое, што Украіна — «штучная дзяржава»
Няўрадавая арганізацыя National Security Archive апублікавала тры стэнаграмы размоў Уладзіміра Пуціна і Джорджа Буша ад 2001, 2005 і 2008 гадоў.
Фота: Sefa Karacan / Anadolu via Getty Images
«Украінская праўда» адзначыла некаторыя выказванні Пуціна пра Украіну ў гэтых расшыфроўках.
«Што насамрэч адбылося? Савецкая добрая воля СССР змяніла свет, добраахвотна. Расія добраахвотна аддала тысячы квадратных тэрыторый. Гэта нешта нечуванае. Аддалі Украіну, якая стагоддзямі была часткай Расіі. Аддалі Казахстан. Аддалі таксама Каўказ. Гэта цяжка ўявіць, і гэта зрабілі партыйныя босы», — сказаў Пуцін 16 чэрвеня 2001 года Бушу.
У размове ад 6 красавіка 2008 года Пуцін распавёў Бушу пра Украіну як пра «штучную дзяржаву» і папярэдзіў, што ўваходжанне краіны ў НАТА» «створыць у доўгатэрміновай перспектыве поле канфлікту паміж вамі і намі, доўгатэрміновай канфрантацыі».
«Ва Украіне пражываюць 17 млн расіянаў, гэта траціна насельніцтва. Украіна — вельмі складаная краіна. Гэта не дзяржава, якая ўзнікла натуральным чынам. Гэта штучная краіна, створаная ў савецкія часы. Пасля Другой сусветнай вайны Украіна атрымала тэрыторыі ад Польшчы, Румыніі і Венгрыі — гэта большая частка заходняй Украіны. У 1920‑1930 гадах Украіна атрымала тэрыторыі ад Расіі — гэта ўсходняя частка краіны. У 1956 годзе Украіне перадалі Крымскі паўвостраў… Там жывуць людзі з вельмі рознымі поглядамі. Калі паехаць у заходнюю Украіну — можна знайсці вёскі, дзе размаўляюць толькі на венгерскай мове і людзі носяць гэтыя іх капелюшы. На ўсходзе людзі носяць касцюмы, гальштукі і вялікія капелюшы. Большасць украінскага насельніцтва ўспрымае NATO як варожую арганізацыю», — прыводзіць выданне словы Пуціна са стэнаграмы.
Ад гэтага ён перайшоў да тлумачэнняў, што патэнцыйнае далучэнне Украіны да NATO створыць праблемы для Расіі.
«Гэта стварае пагрозу з'яўлення вайсковых баз і разгортвання новых сістэм узбраення непадалёк ад Расі. Гэта стварае нявызначанасць і пагрозы для нас. Расія, абапіраючыся на антынатаўскія сілы ва Украіне, будзе працаваць над пазбаўленнем NATO магчымасці пашырэння. Расія ўвесь час будзе ствараць там праблемы. Вось навошта гэта? Навошта членства Украіны ў NATO, якая карысць ад гэтага для NATO і ЗША? Для гэтага можа быць толькі адна прычына, і гэта — замацаваць статус Украіны як часткі заходняга свету, верагодна, такая логіка. Не думаю, што гэта правільная логіка (…) А ўлічваючы рознагалоссі поглядаў адносна сяброўства ў NATO, краіна проста распадзецца на кавалкі. Я заўсёды казаў, што ёсць пэўная празаходняя частка і пэўная прарасійская частка», — аргументуе Пуцін, дадаючы, што палітычнае жыццё Украіны адлюстроўвае гэтыя супярэчнасці, а празаходнія сілы, якія прыйшлі да ўлады пасля Аранжавай рэвалюцыі, «адразу пасварыліся паміж сабой».
«Там стаіць пытанне не пра далучэнне да NATO, а пра тое, каб забяспечыць самадастатковасць Украіны. І таксама трэба ўзмацняць іх эканоміку», — казаў ён.