БЕЛ Ł РУС

Пазбавілі бацькоўскіх правоў цяжарную жанчыну з Мінска, чыя старэйшая дачка двойчы спрабавала скончыць жыццё самагубствам

27.12.2025 / 8:27

Nashaniva.com

Маці яшчэ і патрабавала ў яе грошы, якія тая атрымлівае ад дзяржавы як дзіця, што знаходзіцца на дзяржзабеспячэнні.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: Lookby.media

У 36‑гадовай мінчанкі двое дзяцей — 17‑гадовая дачка і 5‑гадовы сын. Зараз яна цяжарная трэцім дзіцем. У поле зроку органаў апекі і папячыцельства адміністрацыі Савецкага раёна сям'я трапіла яшчэ ў 2022 годзе: двойчы праводзілі сацыяльныя расследаванні па фактах ужывання маці спіртных напояў, скандалаў з сужыцелем і пакідання дзяцей без нагляду. У студзені 2023‑га вырашылі, што брат з сястрой знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пішуць «Мінск-Навіны».

Неўзабаве сям'я пачала мяняць месцы жыхарства — на здымных кватэрах яны жылі па некалькі месяцаў, а пасля з'язджалі, не расплаціўшыся. У лютым 2025 года маці пакінула маленькага сына ў інтэрнаце каледжа, у якім навучаецца дачка, і знікла на некалькі дзён. Дзіцё даглядалі работнікі інтэрната.

У верасні п'яную маці з сынам, апранутых не па надвор'і, сустрэлі на прыпынку грамадскага транспарту ў цэнтры горада. Яна заявіла, што ім няма куды ісці.

Вядома, што мінчанка прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за спробу здзяйснення дробнага крадзяжу, мела судзімасць за злоснае хуліганства. Неспрыяльная абстаноўка ў сям'і, канфліктныя адносіны з маці аказалі негатыўны ўплыў на псіхічны стан старэйшай дачкі — у канцы 2024‑га падлетак здзейсніла дзве спробы суіцыду.

Дзяцей адабралі — дзяўчына жыве ў інтэрнаце каледжа, а яе брат знаходзіцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры з прытулкам. Маці ўладкавалі афіцыянткай, але яна пастаянна прагульвала працу без прычын.

Акрамя таго, патрабавала ў дачкі грошы, якія тая атрымлівае ад дзяржавы як дзіця, што знаходзіцца на дзяржзабеспячэнні. Дзяўчына не раз аддавала ёй наяўныя. У нядбайнай маці назапасіліся даўгі — за арэнду жылля, утрыманне дзяцей, таксама ёсць неаплачаныя крэдыты і штрафы.

Упраўленне па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна звярнулася ў суд з іскам аб пазбаўленні мінчанкі бацькоўскіх правоў. Тая была супраць, чарговы раз абяцала выправіцца, аднак суд задаволіў заяўленыя ў іску патрабаванні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула