БЕЛ Ł РУС

26‑гадовы Андрэй паехаў у Расію ў марскі флот. Але трапіў на вайну і загінуў — маці кажа, спакусіўся вялікімі грашыма

28.12.2025 / 9:30

Nashaniva.com

Ураджэнец Лунінца Андрэй Гаргун з'ехаў у Расію, паверыўшы ў абяцанні працы на «Каспійскім марcкім флоце», але апынуўся ў шэрагах наймітаў і загінуў. Ягоная маці сцвярджае, што сына падманулі, аднак прызнае: галоўнай прычынай паездкі сталі «вялікія грошы, якія ён вельмі любіў».

Андрэй Гаргун у арміі. Фота: Укантакце

Андрэю Гаргуну на момант смерці было 26 гадоў. Ён родам з Лунінца. У 2014 годзе хлопец скончыў мясцовую прафесійна-тэхнічную вучэльню №160 (сёння — Каледж сельскагаспадарчай вытворчасці). У лістападзе 2017‑м яго забралі ў войскі ССА, адкуль ён выйшаў на дэмбель у маі 2019-га.

Пра гібель сына напісала ягоная маці Валянціна Гаргун у Аднакласніках. Паводле яе слоў, 23 снежня 2025 года была гадавіна з дня ягонай смерці — гэта значыць, што Андрэй загінуў у канцы 2024 года. Жанчына настойвае, што хлопец ехаў «не на вайну», а рэалізоўваць дзіцячую мару пра марскую пяхоту.

«А там, я думаю, заграблі. Яны едуць не забіваць, а паміраць. Выжываць там не даюць», — наракае жанчына.

У тым жа допісе маці прызнаецца ў фінансавай матывацыі: «Асноўная прычына вайны — гэта вялікія грошы. Як убачыла лічбы, мне самой захацелася паехаць». Праўда, яна сцвярджае, што абяцаных выплат ад расійскага боку сваякам дамагчыся немагчыма.

Андрэй Гаргун. Фота з ягонай старонкі Вконтакте

Маці загінулага наракае на адсутнасць дзяржаўных абмежаванняў, якія маглі б выратаваць яе сына. На ейную думку, памылка ўладаў у тым, што «ад пачатку не наклалі забарону на выезд у Расію», дзякуючы чаму моладзь магла б застацца жывой.

«Як убачыла лічбы, мне самой захацелася паехаць. Не дзіўна, што моладзь не можа ўтрымацца. Найбольшая спакуса — вялікія грошы, якія мой сын вельмі любіў. А вялікія грошы прыносяць вялікую бяду», — піша яна.

Ужо выдалены каментар Валянціны Гаргун. Скрыншот з суполкі

Цяпер жанчына спрабуе перасцерагчы іншых і расказвае пра немагчымасць атрымаць кампенсацыю пасля смерці сына. Праўда, у выніку свае каментары ў Аднакласніках яна выдаліла.

Чытайце таксама:

На вайсковым факультэце БДУІР студэнтаў вучаць страляць пад сцягам ПВК «Вагнер» ФОТАФАКТ

Спецназавец з Ашмян вырашыў зрубіць бабла і завербаваўся на вайну. Цяпер у палоне называе сябе да***бам

25‑гадовы хлопец з Навагрудка, які быў на мітынгах за Лукашэнку ў 2020-м, паехаў ваяваць з Украінай. І загінуў

Каментары да артыкула