Пуцін забараніў выконваць рашэнні міжнародных судоў
Уладзімір Пуцін падпісаў закон, згодна з якім у Расіі больш не падлягаюць выкананню пастановы замежных судоў, надзеленых паўнамоцтвамі ў сферы крымінальнага судаводства без удзелу Расіі, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
Фота: Sefa Karacan/Anadolu via Getty Images
Акрамя таго, паводле дакумента, не будуць выконвацца пастановы міжнародных судовых органаў, кампетэнцыя якіх не грунтуецца на міжнароднай дамове або рэзалюцыях Рады бяспекі ААН.
Кіраўнік праўлення Асацыяцыі юрыстаў Расіі Уладзімір Груздзеў раней удакладняў, што гэты закон будзе прымяняцца, у прыватнасці, да прысудаў Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Акрамя рашэнняў МКС, па словах юрыстаў, пад абмежаванні можа трапіць і магчымы трыбунал па Украіне.
У сакавіку 2023 года МКС выдаў ордар на арышт Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Ім інкрымінуюць адказнасць за вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыі, не падкантрольныя Кіеву. Расія катэгарычна адмаўляе абвінавачанні ў дэпартацыі дзяцей.
12 снежня расійскі суд завочна прысудзіў пракурора і восем суддзяў МКС да тэрмінаў ад трох з паловай да 15 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў прыцягненні заведама невінаватых да крымінальнай адказнасці або незаконным узбуджэнні крымінальнай справы, незаконным утрыманні пад вартай, а таксама ў падрыхтоўцы нападу на асоб, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай.