БЕЛ Ł РУС

Сіла тыктока. Жанчына паскардзілася на павольны інтэрнэт ад «Белтэлекама» — там раптам адрэагавалі

30.12.2025 / 8:56

Nashaniva.com

Беларуска запісала відэа, у якім паказала нізкую хуткасць інтэрнэту ад вядомага правайдэра. Праз яе загрузка фільмаў на калядны вечар была немагчымай.

Беларуска Паліна паскардзілася на нізкую хуткасць інтэрнэту ад аператара РУП «Белтэлекам» у сваім тыкток-акаўнце. Па яе словах, яна набыла тарыф па новай акцыі, якая абяцала павялічыць хуткасць інтэрнэту. Але гэты анлайн-пакет не апраўдаў яе чаканняў, піша BGmedia. 

Увечары 25 снежня жанчына заўважыла, што абяцаная акцыя ніяк не палепшыла якасць самой сеткі. Фільм, які яна планавала паглядзець, не хацеў загружацца. Вось, як сітуацыю каментуе сама аўтарка роліка:

«Паважаны Белтэлекам, звяртаюся да вас з падзякай. Тое, што ў гэты калядны вечар я не маю магчымасці паглядзець свой улюбёны мюзікл «Вечера на хуторе близ Диканьки». Усё дзякуючы вашаму высокахуткаснаму інтэрнэту і «класным» акцыям «Даплаці пяць рублёў і атрымай яшчэ больш хуткі інтэрнэт». Дзякуй за вашую хуткасць, кліентаарыентаванасць! І тое, што майстар прыйдзе толькі ў тым выпадку, калі мы пагодзімся на гэтую класную акцыю. Дзякуй, Белтэлекам. Да пабачэння, Белтэлекам», — адзначае яна.

@polina_yasinetskaya #белтелеком #высокоскоростнойинтернет #хуженебывает #интернет ♬ оригинальный звук - frau_paulin

Праз некалькі дзён пасля публікацыі відэа ў тыктоку да мінчанкі звярнуліся прадстаўнікі «Белтэлекаму», і прапанавалі ёй вырашэнне праблемы.

У выніку супрацоўнік замяніў роўтэр, і інтэрнэт, як кажа сама жанчына, запрацаваў. Відэа і іншыя цяжкія файлы пачалі добра загружацца, хоць і не так, як ёй хацелася.

Аўтарка роліка радая выніку, аднак задалася пытаннем, чаму для вырашэння праблемы абавязковая агалоска ў тыктоку, а простых тэлефонных званкоў аператару цяпер недастаткова.

@polina_yasinetskaya #белтелеком #интернет #решениепроблем #высокоскоростнойинтернет ♬ оригинальный звук - frau_paulin

Падобны выпадак з «Белтэлекамам» — не ўпершыню.

Раней беларусы неаднойчы скардзіліся на якасць паслуг ад аператара «Белтэлекам». Галоўныя праблемы, з якімі яны сутыкаліся — тэлебачанне і інтэрнэт, «што віснуць», пастаянныя збоі ў сувязі.

Вось, як беларусы каментуюць працу аператара пад відэа мінчанкі.

«У нас нічога не цягне, толькі грошы».

«Што «Белтэлекам», што мабільная сувязь — абняць і плакаць. Не зразумела, за што мы плоцім. Мусіць, за ўласныя нервы».

«У «Белтэлекаме» тарыфы розныя, а хуткасць адна. Толькі грошы дзяруць з людзей».

У Міністэрстве сувязі, у сваю чаргу, прызнаюць праблемы з якасцю інтэрнэту. Але адзначаюць, што ўся праблема ў тым, што «інфраструктура проста не паспявае». Праблемы пагаршаюць будаўніцтва высотак без абавязковай мабільнай інфраструктуры, металізаваныя вокны, якія ў 1000 раз гасяць сігнал, недахоп частот і базавых станцый, а таксама састарэлыя сеткі ў райцэнтрах і сёлах.

Цалкам ліквідаваць праблему па ўсёй краіне абяцалі ажно да 2030 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула