БЕЛ Ł РУС

Беларусь вывела на арбіту два новыя спадарожнікі: што пра іх вядома

30.12.2025 / 11:54

Nashaniva.com

З касмадрома «Усходні» паспяхова запушчаны два беларускія касмічныя апараты — NANBSat-1 і NANBSat-2. Паводле НАН Беларусі, сувязь з апаратамі ўстойлівая, усе сістэмы працуюць штатна.

Пра два беларускія спадарожнікі, якія выведзены на арбіту з касмадрома Усходні, расказалі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэтыя касмічныя апараты — беларускія распрацоўкі па дзяржаўнай праграме «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка».

Праз гадзіну пасля старту спадарожнікі аддзяліліся ад разгоннага блока і выйшлі на нізкую калязямную арбіту на вышыні амаль 500 км. Дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук запуск назірала на касмадроме.

«З апаратамі ўсталявана ўстойлівая сувязь, атрымана тэлеметрыя. Апараты ў рабочым стане, антэны і сонечныя батарэі раскрыты. Бартавыя сістэмы працуюць штатна. Сувязь устойлівая. Цяпер апараты ўзяты на кіраванне», — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Іван Буча. 

Тэрмін работы апаратаў не меншы за 5 гадоў. Тэхналогіі дазволяць праводзіць стэрэаметрычную і аб'ёмную здымку паверхні Зямлі. Даныя будуць выкарыстоўвацца для стварэння базы 3D-выяў планеты і маніторынгу надзвычайных сітуацый.

«На адным з апаратаў, NANBSat-1, устаноўлена апаратура для зандзіравання іонасферы. Каб забяспечыць жывучасць апарата не менш за пяць гадоў, там практычна ўсе сістэмы задубліраваны. У нас ужо ёсць вопыт рэзервавання жыццёва важных сістэм на нашым беларускім апараце, які пры гарантыйным тэрміне 5 гадоў адпрацаваў больш за 12 гадоў», — расказаў дырэктар прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Залатой.

NANBSat-2 — больш складаны апарат з трыма камерамі (бачнага і інфрачырвонага дыяпазонаў). Ён прызначаны для стварэння 3D-мадэляў планеты і іонасферы. Такая інфармацыя неабходна для маніторынгу надзвычайных сітуацый, а таксама для працы Беларускай АЭС і чыгункі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула