БЕЛ Ł РУС

Навагодняя афіша ў Мінску: куды пайсці пасля бою курантаў

31.12.2025 / 9:39

Nashaniva.com

Пярэдадзень свята — выдатны час не толькі для апошніх пакупак, але і для планавання навагодняй ночы. Не хочацца сядзець дома пасля бою курантаў, даядаючы леташнія салаты? Тады варта апранацца цяплей (сіноптыкі абяцаюць маразы) і пракладаць маршрут, піша Onliner.by.

Традыцыйна святочную праграму арганізуюць каля Палаца спорту: мінчукоў запрашаюць на «Чароўную навагоднюю ноч». Свята пачнецца 31 снежня а 23:45 і скончыцца а 4 гадзіне раніцы ўжо 1 студзеня. Аднак ехаць у цэнтр неабавязкова — мерапрыемствы арганізуюць ва ўсіх раёнах сталіцы.

Заводскі раён

Навагодняе начное гулянне «Завадскі Новы год!» адбудзецца адразу на трох лакацыях: каля «Чыжоўка-Арэны», побач з басейнам «Волат» і Палацам дзяцей і моладзі «Золак». Пачатак мерапрыемстваў — у 01:00.

Ленінскі раён

Канцэрт «Няхай свята ўсім падорыць цуд!» пачнецца ў 01:00 і будзе доўжыцца дзве гадзіны. Лакацыі: пляцоўкі перад кінатэатрам «Салют» і Мінскім гарадскім палацам культуры.

Маскоўскі раён

Праграма «Прывітанне, Новы год!» таксама стартуе ў 01:00. Патанцаваць запрашаюць у Брылевічах (вул. Я. Чачота, 25) і ў скверы «Палянка» (вул. К. Лібкнехта). Яшчэ адна святочная лакацыя — парк імя Паўлава, дзе мінчукоў будуць чакаць да 3 гадзін ночы.

Кастрычніцкі раён

На плошчы культурна-спартыўнага цэнтра «Мінскае аддзяленне БЧ» з 01:00 да 03:00 пройдзе праграма «Запрашаем у Новы год».

У гэты ж час каля пляцоўкі ля ГЦ «Еўраопт Super» абяцаюць дыскатэку «Навагодні карагод». Яшчэ адна лакацыя — мікрараён «Сокал».

Партызанскі раён

Праз паўгадзіны пасля наступлення Новага года мінчукоў запрашаюць у парк экстрэмальных відаў спорту. Тут свята будзе доўжыцца да 3 гадзін ночы.

Першамайскі раён

З 01:00 мінчукоў запрашаюць да Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама на дыскатэкі на вул. Русіянава, 1, вул. Фогеля, 1, і вул. Герояў 120‑й дывізіі, 15.

Савецкі раён

Раённая святочная праграма «У рытме Новага года» разгорнецца каля Камароўкі. Пачатак — у 01:00.

Фрунзенскі раён

Святы арганізуюць каля Лядовага палаца Мінскай вобласці і ў парку Уга Чавеса. На абедзвюх лакацыях мерапрыемствы стартуюць у 00:30.

Цэнтральны раён

Сустрэць 2026 год запрашаюць на пляцоўцы каля Палаца дзяцей і моладзі. Праграма пачнецца ў 01:00 і працягнецца да 02:30.

А што з транспартам?

З 00:00 і да 5 раніцы дабрацца да раённых гулянняў і паспець вярнуцца дадому можна на грамадскім транспарце. Падрабязны расклад наземных маршрутаў і інтэрвалы руху можна знайсці па спасылцы.

Метрапалітэн у навагоднюю ноч будзе прымаць пасажыраў да 04:00. Станцыі «Няміга», «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» (выхад да праспекта Незалежнасці) зачыняцца на ўваход у 04:15. Інтэрвал руху цягнікоў з 00:00 да 04:00 1 студзеня 2026 года на 1‑й і 2‑й лініях метро складзе 6 хвілін, на 3‑й лініі — 8,5 хвіліны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула