БЕЛ Ł РУС

24‑гадовую фатографку-анімалістку і ветэрынарку з Гомеля асудзілі за паклёп на Лукашэнку і па «народным» артыкуле

1.01.2026 / 10:40

Nashaniva.com

Аляксандра Дзмітрыева любіць жывёл і фатаграфію. Гэта пераўтварылася ў галоўнае яе хобі — фатаграфаваць жывёл. Дзяўчыну абвінавацілі адразу паводле двух крымінальных артыкулаў і адправілі за краты.

Аляксандра Дзмітрыева. Фота з яе старонкі Укантакце

Аляксандры Дзмітрыевай 24 гады. Яна родам з Мазыра, дзе ў 2018 годзе скончыла сярэднюю школу № 11 з хіміка-біялагічным ухілам. Вышэйшую адукацыю дзяўчына атрымала ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Пасля яна размеркавалася ветэрынарам. У лютым 2024 года Аляксандра пісала, што яе цалкам адвярнула ад прафесіі ветэрынара менавіта пасля таго, як яна прыйшла на адпрацоўку. Яна адзначала, што нават калі рыхтаваць дзяцей з пялёнак, яны ўсё адно сыдуць з прафесіі праз рэальныя ўмовы працы.

Аляксандра вядомая як таленавітая фатографка-анімалістка. Яна спецыялізуецца на здымках свойских гадаванцаў, асабліва сабак, і вяла ўласную фотасуполку. Дзяўчына ўдзельнічала ў выставах сабак, займалася кіналагічным спортам (фрызбі) і валанцёрыла.

У яе быў улюбёны сабака — карычневы метыс спаніэля па мянушцы Арчыбальд, які часта станавіўся героем здымкаў.

Аляксандра і сабака. Фота з яе старонкі Укантакце

Дзмітрыеву затрымалі пасля верасня 2025 года. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес Аляксандры прысуд паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Вядома, што дзяўчына адбывае пакаранне — гэта хімія з накіраваннем ці калонія. Яе сацсеткі не абнаўляюцца, а інстаграм выдалены.

Чытайце таксама:

Папулярную тыктокерку з Лунінца, якая ратавала бяздомных жывёлінаў, асудзілі за палітыку

Маладую выпускніцу гістфака з Ліды, якая мае бізнэс у Расіі, асудзілі за Гаюна

Асудзілі настаўніцу па фартэпіяна і танцах з Віцебска. Імаверна, за Гаюн

Каментары да артыкула