Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны правяло складаную аперацыю падману расійскіх спеслужб.
Дзяніс Капусцін, вядомы пад сваім пазыўным «WhiteRex», — камандзір расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць супраць рэжыму Пуціна ў складзе УСУ. Фота Укрінфарм
Забойства кіраўніка расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць супраць рэжыму Пуціна, замовілі з Масквы. Выканаўцу паабяцалі за гэта паўмільёна даляраў. У выніку спецаперацыі ГУР, якая доўжылася больш за месяц, жыццё Капусціна захаванае, паведамілі ў Галоўным упраўленні разведкі Украіны. А грошы пойдуць на патрэбы абароны Украіны.
Дзяніс Капусцін, вядомы пад сваім пазыўным «WhiteRex», з’явіўся на відэа з кіраўніком ГУР Кірылам Буданавым.
«Спадар Дзяніс, віншую вас з вяртаннем, як той казаў, да жыцця. Гэта заўсёды, напэўна, прыемна, — пажартаваў Буданаў. — Рады, што сродкі, атрыманыя за заказ вашай ліквідацыі, пайшлі на дапамогу нашай барацьбе. Зычу нам усім і вам асабіста поспехаў. Вяртайцеся, калі ласка, да выканання службовых задач. Там вас чакаюць. Карыстаючыся выпадкам, усіх віншую з Новым годам! Гэта дакладна будзе наш год!» — сказаў Буданаў.
Гэтая навіна натхніць тых расіян, якія ваююць супраць рэжыму са зброяй у руках.
Дзяніс Капусцін. Фота: wikimedia.org
Раней РДК паведаміў, што Капусцін загінуў у ноч на 27 снежня на запарожскім кірунку. Прычынай смерці назвалі прылёт беспілотніка падчас выканання баявога задання.
Дзяніс Капусцін нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. Калі яму было 17 гадоў, сям'я пераехала ў Кёльн.
Дзяніс быў фанатам маскоўскага ЦСКА, ультраправым актывістам, займаўся спартовымі адзінаборствамі. Падтрымаў Майдан, з 2017 года жыў ва Украіне.
У 2022 годзе ён заснаваў ва Украіне Рускі добраахвотніцкі корпус. У Расіі завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.