БЕЛ Ł РУС

Кірыла Буданаў узначаліў Офіс прэзідэнта Украіны

2.01.2026 / 14:49

Nashaniva.com

Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны перайшоў на цывільную пасаду.

Кірыла Буданаў. Фота: Прэс-служба Зяленскага

Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў узначаліў Офіс прэзідэнта Украіны.

Папярэдні кіраўнік Офіса Андрэй Ярмак быў звольнены пасля карупцыйнага скандалу.

«Сустрэўся з Кірылам Буданавым і прапанаваў яму пасаду кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. Зараз Украіне трэба больш увагі надаваць пытанням бяспекі, развіццю Сіл абароны і бяспекі Украіны, а таксама дыпламатычнаму трэку ў перамовах, і Офіс прэзідэнта будзе служыць выкананню найперш такіх задач нашай дзяржавы. Кірыл мае асаблівы досвед у гэтых сферах і дастатковыя сілы для дасягнення вынікаў. Таксама даручыў новаму кіраўніку Офіса прэзідэнта сумесна з сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і іншымі неабходнымі кіраўнікамі і ўстановамі абнавіць і прадставіць на зацвярджэнне стратэгічныя асновы абароны і развіцця нашай дзяржавы і далейшыя крокі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Уладзімір Зяленскі.

Кірыла Буданаў нарадзіўся ў 1986 годзе ў Кіеве. Скончыў Адэскі інстытут Сухапутных войск (2007), пасля чаго пачаў служыць у атрадзе спецпрызначэння Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, дзе займаў розныя пасады. З вясны 2014 года браў удзел ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны. Меў баявыя раненні.

5 жніўня 2020 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў палкоўніка Буданава начальнікам Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. 3 красавіка 2022 года прысвоены вайсковы ранг генерал-маёр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула