БЕЛ Ł РУС

Пры ўдары па Хорлах загінуў начальнік акупацыйнай паліцыі суседняга горада

2.01.2026 / 15:25

Nashaniva.com

Невядома, ці была з ім ягоная жонка, віцэ-мэр акупаванай Новай Кахоўкі.

Сяргей Боган. Калаж 24 канала

Расійскія ўлады апублікавалі спіс дзевяці чалавек, чые целы былі апазнаныя сярод загінулых на месцы ўдару па гатэлі і кавярні ў акупаваных Хорлах Херсонскай вобласці.

Сярод загінулых быў 56‑гадовы Сяргей Боган. Ён узначальваў паліцыю ў суседнім Каланчаку — фармальна гэта пасёлак, але колькасцю насельніцтва, каля 10 тысяч чалавек, адпавядае гораду.

Боган родам з Крыма, доўгі час працаваў ва ўкраінскай міліцыі, узначальваў адзін з аддзелаў крымінальнага вышуку. Пасля акупацыі Крыма перайшоў на бок Расіі. Калі ж пачалася поўнамаштабная вайна, Богана прызначылі ў паліцыю ў акупаванай частцы Херсоншчыны — спачатку ў Генічэск, а пасля ў Каланчак.

Украінскія СМІ паведамляюць, што ён датычны да выкраданняў і катаванняў жыхароў раёна.

Жонка Богана займае пасаду намесніцы мэра акупаванай Новай Кахоўкі. Ці была яна на навагоднім святкаванні ў Хорлах і калі так, то ці выжыла, невядома.

Чытайце таксама: Колькасць загінулых у кавярні ў акупаваных Хорлах вырасла да 27, але Украіна адмаўляе датычнасць

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула