БЕЛ Ł РУС

Еўракамісія пачала расследаванне з-за тыктокаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, якія заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС

2.01.2026 / 18:12

Nashaniva.com

У відэароліках згенераваныя штучным інтэлектам прывабныя маладыя дзяўчыны, апранутыя ў адзенне з нацыянальнымі польскімі сімваламі, заклікаюць Польшчу здзейсніць «палэкзіт».

Згенераваныя штучным інтэлектам маладыя дзяўчыны ў тыкток-роліках заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС

Пра гэта піша польскае выданне RMF24, перадае «Еўрапейская праўда».

Расследаванне пачалося пасля таго, як у канцы снежня намеснік міністра лічбавых спраў Польшчы Дарыюш Стандэрскі накіраваў ліст у Еўракамісію. У ім ён адзначыў, што кантэнт «мае прыкметы скаардынаванай дэзынфармацыйнай кампаніі» і «ўяўляе пагрозу грамадскаму парадку, інфармацыйнай бяспецы і цэласнасці дэмакратычных працэсаў у Польшчы і ва ўсім Еўрапейскім саюзе».

Польскі чыноўнік заклікаў Брусель распачаць працэдуру і прыняць меры нагляду ў дачыненні да TikTok.

Як стала вядома польскаму выданню, Еўракамісія праверыць адпаведнасць кантэнту ў TikTok заканадаўству ЕС.

«Службы Еўрапейскай камісіі зараз звяжуцца з польскімі ўладамі, каб атрымаць больш дэталёвую інфармацыю і ацаніць факты з мэтай праверкі адпаведнасці Закону ЕС аб лічбавых паслугах (DSA)», — заявіла прэс-сакратар Еўракамісіі Ева Грнчырава.

Паводле яе слоў, вельмі буйныя анлайн-платформы, уключаючую TikTok, павінны ацэньваць усе рызыкі, звязаныя з іх сэрвісамі, у тым ліку тыя, што тычацца штучнага інтэлекту. Яна дадала, што яшчэ ў сакавіку 2024 года Еўракамісія запытвала ў TikTok інфармацыю пра меры, прынятыя для ліквідацыі падобных рызык.

Скрыншот тыкток-акаўнта Prawilne Polki, у якім згенераваныя штучным інтэлектам маладыя дзяўчыны заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС

Кантэкст: рост еўраскептыцызму ў Польшчы

Расследаванне адбываецца на фоне росту еўраскептычных настрояў у польскім грамадстве. Апытанні, праведзеныя ў снежні, паказалі, што каля чвэрці грамадзян краіны гатовыя падтрымаць выхад з Еўрасаюза.

Так, 24,7% рэспандэнтаў выказаліся за выхад Польшчы з ЕС: 11,6% заявілі, што «рашуча супраць» прысутнасці ў ЕС, а 13,1% — што «хутчэй за» выхад. Пры гэтым 69% грамадзян па-ранейшаму падтрымліваюць членства ў Еўрасаюзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула