БЕЛ Ł РУС

Бенгальскія агні на шампанскім сталі прычынай пажару ў бары ў Швейцарыі, дзе загінулі 40 чалавек

2.01.2026 / 20:29

Nashaniva.com

Следства назвала папярэднюю прычыну жудаснага пажару, які адбыўся ў навагоднюю ноч на швейцарскім курорце Кран-Мантана. Паводле асноўнай версіі, трагедыя, што забрала жыцці 40 чалавек, адбылася з-за бенгальскіх агнёў, якімі ўпрыгожылі бутэлькі з шампанскім.

Фотаздымак, на якім, меркавана, засняты пачатак пажару ў бары Le Constellation, выкліканы бенгальскімі агнямі ў шампанскім. Фота з сацсетак

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Трагедыя здарылася ў бары Le Constellation каля 1:30 ночы 1 студзеня, калі госці святкавалі надыход Новага года.

«Усё сведчыць пра тое, што пажар пачаўся з-за бенгальскіх агнёў, прымацаваных да бутэлек з шампанскім. Яны аказаліся занадта блізка да столі», — заявіла генеральны пракурор кантона Вале Беатрыс Пілу.

Бар Le Constellation да пажару. Фота: Tripadvisor

Яшчэ адным фактарам, які спрыяў катастрафічна хуткаму распаўсюджванню агню, стала тое, што столь была пакрытая акустычнай пенай — яна імгненна ўспыхнула. Следчыя выключылі версіі тэракта ці наўмыснага падпалу.

Ахвяры і сведчанні відавочцаў

Ахвярамі трагедыі сталі пераважна маладыя людзі. Відавочцы расказваюць пра жахлівыя сцэны: людзі выбягалі з палаючага бара і спрабавалі тушыць на сабе вопратку ў снезе.

На гэты момант пацверджана гібель 40 чалавек. Некаторыя целы абгарэлі да непазнавальнасці, людзей спрабуюць устанавіць па металічных аксэсуарах. Сярод загінулых апазнаны 16‑гадовы прафесійны гальфіст з Італіі Эмануэле Галепіні.

Фотаздымак, на якім, меркавана, засняты бенгальскія агні ў шампанскім, што сталі прычынай пажару ў швейцарскім бары. Фота з сацсетак

Яшчэ 119 чалавек атрымалі раненні і апёкі, многія з іх у вельмі цяжкім стане. Сярод пацярпелых — 71 швейцарац, 14 французаў і 11 італьянцаў. Каля 50 чалавек з найбольш цяжкімі апёкамі былі пераведзены ў спецыялізаваныя цэнтры за мяжой, у тым ліку ў бальніцы Берліна, Штутгарта і Людвігсхафена.

Многія сем'і дагэтуль не ведаюць пра лёс сваіх блізкіх. Бацькі зніклых без вестак падлеткаў і замежныя пасольствы спрабуюць высветліць, ці не апынуліся іх грамадзяне сярод загінулых.

Рэакцыя ўладаў

У Швейцарыі абвешчана пяцідзённая нацыянальная жалоба. Мэр Кран-Мантаны Нікаля Фэро паведаміў, што на ідэнтыфікацыю ўсіх загінулых і ўдакладненне канчатковай колькасці ахвяр спатрэбіцца некалькі дзён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула