«Напэўна, так і наша СВА задумвалася». Як прапагандысты і Z-ваенкары адрэагавалі на сітуацыю ў Венесуэле
Паглядзелі, што беларускія і расійскія прапагандысты пішуць пра спецаперацыю ЗША ў Венесуэле.
Нікалас Мадура. Фота: АР
Рыгор Азаронак у сваім тэлеграм-канале напісаў, што «магіла Уга Чавеса гарыць, Мадура ўзяты ў палон, іуды атрымалі бабкі, нафта пяройдзе Штатам», а Венесуэлы больш няма.
«Здрада вырашыла зыход справы», — піша прапагандыст.
Скрыншот: AzarenokCTV / Telegram
Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі заўважае, што аперацыя ЗША ў Венесуэле пачалася сінхронна з масавымі беспарадкамі ў Іране.
Скрыншот: shpakouski / Telegram
«У Венесуэле сітуацыя складаная. У краіне магутная «пятая калона». Разлік ваеннай аперацыі ЗША заключаецца ў правакаванні ўнутранага паўстання. Цягам апошніх месяцаў перыядычна запускаліся «качкі» пра тое, што лідар Венесуэлы Нікалас Мадура збег з краіны.
Далейшае развіццё становішча шмат у чым залежыць ад здольнасці венесуэльскіх Узброеных Сіл аказаць актыўны супраціў агрэсару, гатоўнасці ўлады мабілізаваць сваіх прыхільнікаў для абароны дзяржавы, пазіцыі асноўных саюзнікаў Каракаса ў асобе Расіі і Кітая, іх рашучасці абараняць Венесуэлу», — піша прапагандыст.
Адразу шэраг допісаў, прысвечаных тэме Венесуэлы, з'явіўся ў канале «Беларускі сілавік». Спачатку там апублікавалі жартаўлівы расклад дня для амерыканскіх дэсантнікаў па аналогіі з тымі, якія публікавалі расійскія прапагандысты яшчэ да поўнамаштабнага нападу на Украіну, калі захоп Кіева мусіў заняць некалькі гадзін.
Скрыншот: belarusian_silovik / Telegram
«Жарт жартам, а прыкладна так усё і выйшла ў Венесуэле. Па выніку спатрэбілася 2 гадзіны, агентура, праплочаныя інфарматары, пару невялікіх удараў, узяцце неба пад кантроль і спакойны вываз лідара суседняй краіны ў Штаты. Без каментароў, карацей», — піша «Беларускі сілавік».
Z-канал «Два маёры» рэпоснуў сабе гэты допіс з наступным подпісам:
«Жарты жартамі, а аперацыю, без лішняга піетэту да пендосаў, правялі яны пісьменна. Наўрад ці абышлося без здраднікаў унутры краіны, не ў бунгала ж жыў Мадура.
Напэўна, так і наша СВА задумвалася. Хутка, эфектыўна і вынікова. Наўрад ці Герасімаў планаваў 4 гады ваяваць».
Скрыншот: dva_majors / Telegram
Z-ваенкар «Котенок» параўноўвае дзеянні амерыканцаў з рускімі ў Гастомелі ў першыя гадзіны паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Праўда, забываецца пра важны нюанс, што «СВА» цягнецца без малога чатыры гады, а рускія салдаты адзначыліся пасля яшчэ і жорсткімі забойствамі мірнага насельніцтва.
«Амерыканцы ў Венесуэле капіююць дзеянні спецпадраздзяленняў рускай арміі ў першыя гадзіны СВА ў Гостомелі ў 2022 г.
Плацдарм для пашырэння аперацыі створаны і ўтрымліваецца. Праўда, у адрозненне ад гастомельской аперацыі, адчувальнага процідзеяння з боку сілавых са структур Баліварыянскай Рэспублікі амерыканцы не атрымліваюць. Здрада ці параліч, ці і тое, і іншае.
Паводле некаторых звестак, Міжнародны аэрапорт Каракаса ўжо знаходзіцца пад кантролем вайскоўцаў ЗША і гатовы прымаць транспартныя самалёты з тэхнікай».
Скрыншот: voenkorKotenok / Telegram
Не шматслоўна, але красамоўна адрэагавала на падзеі ў Венесуэле прапагандыстка Маргарыта Сіманян.
«Зайздросціць будзем, таварыш Берыя», — напісала яна.