Касір у абменніку выдаў лішнія грошы, кліент вярнуў, але зарабіў крыміналку
Выпадак адбыўся ў Гомелі.
Скрыншот відэа Гомельскай міліцыі
Мужчына прыйшоў у касу, каб абмяняць валюту. Касір памылкова выдала яму на 4400 рублёў больш, чым належала. На відэа, якое распаўсюджвае міліцыя, бачна, што мужчына пералічыў грошы і пайшоў.
Недахоп выявілі праз некалькі гадзін. Супрацоўнікі міліцыі вывучылі запісы з камер і ўстанавілі асобу кліента. Ім аказаўся 23‑гадовы жыхар Гомеля.
Мужчына прызнаўся ў тым, што адбылося, і вярнуў усю суму. Нягледзячы на гэта, ў дачыненні да яго была заведзеная крымінальная справа па факце крадзяжу, паведамляе абласная міліцыя.