БЕЛ Ł РУС

Канапацкая перажывае, што яе смелае выказванне пра адстаўку Лукашэнкі няправільна зразумелі

5.01.2026 / 19:15

Nashaniva.com

Учора двухразовая спарынг-партнёрка Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах Ганна Канапацкая пад уплывам навін пра падзеі ў Венесуэле напісала пост у фэйсбуку, з якога можна было меркаваць, што яна раіць Лукашэнку, каб не паўтарыць лёс Нікаласа Мадура, узгадніць пераемніка ды ісці ў адстаўку. Прайшлі суткі, і Канапацкая напісала новы допіс, у якім шматслоўна тлумачыць, што, аказваецца, яна «пісала зусім не пра тое».

Ганна Канапацкая. Фота з яе сацыяльных сетак

Па словах Ганны Канапацкай, інфармацыя, якая стала прадметам яе папярэдняй публікацыі, прарасла «з нефармальнай камунікацыі высокага ўзроўню». І пасля гэтай камунікацыі ёй нібыта стала зразумела, што 

«амерыканская адміністрацыя гатовая разглядаць і абмяркоўваць з дзейнай уладай, у камфортным для яе часавым рэжыме, любыя транзітныя і пераходныя персаналіі і кандыдатуры, убудаваныя ў палітычныя працэсы ў Беларусі, за выключэннем збеглага літоўска-польскага шапіто, беларускай апазіцыяй у выгнанні, якая крыўляецца».

Гэта нібыта навеяла ёй аналогію з венесуэльскім кейсам, дзе нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада пасля выкрадання амерыканскімі ўладамі Нікаласа Мадура, як упэўненая Канапацкая, нібыта «тупа пралятае міма электаральных працэдур». 

Што ж тычыцца беларуска-амерыканскіх адносін, то, у інтэрпрэтацыі двухразовай спарынг-партнёркі, 

«нават права падбору і прэзентацыі ў тамтэйшай адміністрацыі рандомных намінантаў дадзена нашай дзейнай уладзе. Бо яна, хай і з нюансамі, міжнародна суб'ектная і ўнутрана легітымная. Пытанне толькі ў тым, ці скарыстаецца?»

Вось пра гэта яна нібыта сваім учарашнім пастом і нагадала. А зусім не тое, што ўсе падумалі.

Нагадаем, што ва ўчарашнім пасце, навеяным венесуэльскімі падзеямі, Ганна Канапацкая пісала:

«З чаго напрошваецца відавочная для нашых балоцістых ускраін выснова. Калі хтосьці ў разы мацнейшы і больш уплывовы за цябе кажа прамым тэкстам, што прызнае твой апошні вынік на выбарах як законны і легітымны, але толькі для таго, каб ты спакойна і без спеху падрыхтаваўся да адыходу, аднавіў механізмы не толькі кулуарнай, але і дзяржаўна-публічнай камунікацыі праз вяртанне афіцыйных дыпламатычных службаў, а таксама ўзгадніў з імі персаналію транзіцёра (-кі, -аў) — то рабі гэта. Паказвай усіх, хто ёсць у кейсе: з вусамі і без вусоў; у спадніцах і ў штанах; з практыкай дзяржкіравання і ў прыватным сектары. Можа і прыгледзіцца хто. Вось толькі з тымі, хто «нюхаў пораху», асцярожней — там да такіх не вельмі. Ну і варушыся, а не даводзь да рэцыдыву».

Чытайце таксама:

Канапацкая параіла Лукашэнку ўзгадніць пераемніка ды ісці ў адстаўку

Мадура прапаноўвалі выехаць у Турцыю, але ён не пагадзіўся

Нікаласа Мадура вядуць вуліцамі Нью-Ёрка

Кім была жонка Нікаласа Мадура? Яна не такая простая

«Як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу»

Сітуацыя называецца «Мадура давыкабельваўся»

Каментары да артыкула