БЕЛ Ł РУС

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

11.01.2026 / 8:0

Саша Корн

Улады нічога не зрабілі для вяртання беларусаў, якія выехалі. Затое 2025‑ы стане годам рэкорднага росту колькасці замежных работнікаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: proregion24.by

Да канца 2025 года Беларусь падышла з парадаксальнай сітуацыяй: афіцыйна — рэкордна нізкае беспрацоўе, неафіцыйна — востры кадравы голад. У дзяржаўным банку вакансій сёння каля 162 тысяч незакрытых пазіцый. Амаль усе буйныя прадпрыемствы, ад будоўлі да прамысловасці, прызнаюць недахоп людзей.

Працоўных рук бракуе паўсюдна, аднак найбольш востра сітуацыя адчуваецца ў Мінску і Мінскай вобласці — рэгіёнах з самай высокай канцэнтрацыяй прадпрыемстваў і самай моцнай канкурэнцыяй за персанал.

Кадравы разрыў фармаваўся не аднамомантна. Прычыны вядомыя: гэта і дэмаграфічны спад, характэрны для многіх краін Еўропы, але асабліва — палітычныя рэпрэсіі і выкліканы імі масавы ад'езд беларусаў пасля 2020 года (па розных ацэнках — некалькі сотняў тысяч чалавек). 

Да гэтага дадаўся яшчэ такі фактар як палітычна матываваныя звальненні і ціск на працаўнікоў, якія істотна ўзмацніліся пасля 2020 года. Тысячы спецыялістаў — ад настаўнікаў і медыкаў да інжынераў і дзеячаў мастацтва — пакідалі працоўныя месцы з-за трапляння ў «чорныя» і «шэрыя» спісы так званых нядобранадзейных.

Мігранты як новая норма: ад «пагрозы» да «рэсурсу»

Да 2022 года працоўная міграцыя ў Беларусі фактычна стрымлівалася: існавалі дазволы, праверкі, квоты, кантроль МУС. Але ў 2023—2024 гадах правілы рэзка спрасцілі: працадаўцам больш не трэба атрымліваць спецдазволы, пашыраны спіс прафесій для спрошчанага найму, замежныя выпускнікі беларускіх ВНУ атрымалі права працаўладкоўвацца без дадатковых бар'ераў.

У выніку бачым рэзкі рост:

Амаль палова ўсіх працоўных мігрантаў — грамадзяне Туркменістана і Узбекістана. Далей ідуць расіяне, кітайцы, украінцы, а таксама меншыя групы з Індыі, Непала, афрыканскіх краін.

Пакістанцы — насуперак гучным заявам — пакуль не ўваходзяць у топ-10 па колькасці.

Працоўныя мігранты з Пакістана ў Салігорску, верасень 2025 года. Фота: str3.by

Пакістанскі фактар: гучна сказана, сціпла зроблена

Увесну 2025 года прагучала лічба, якая ўзрушыла грамадства: Беларусь нібыта гатова прыняць да 100‑150 тысяч працаўнікоў з Пакістана. У публічнай дыскусіі гэта выглядала як паваротны момант.

На практыцы ўсё аказалася сціпла.

Будтрэсты ў Мінску, Салігорску і Баранавічах сапраўды пачалі наймаць пакістанскіх муляраў і бетоншчыкаў. Працаўнікі з Пакістана з‘явіліся на пілараме ў Бабруйску. Але гаворка пакуль ідзе пра некалькі сотняў чалавек, а не пра тысячы. Працуюць яны на буйных інфраструктурных аб'ектах, атрымліваюць здзельны заробак, фармальна ўваходзяць у прафсаюзы і здымаюць тыктокі пра сваё жыццё. 

Гэта не масавая міграцыя, а кропкавыя эксперыменты, якія закрываюць асобныя ўчасткі на будоўлі — і не больш.

Прычыны, па якіх пакістанскі праект застаўся на ўзроўні асобных выпадкаў, ляжаць на паверхні. Беларусь не можа канкураваць за працоўных мігрантаў з Еўрасаюзам і нават з Расіяй — найперш ва ўзроўні заробкаў.

Так, з канца жніўня 2025 года на сайце пакістанскага Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой адкрыліся вакансіі для працы ў Беларусі. Заробкі на будоўлі прапаноўваюць каля 600 даляраў, на перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў — 500 даляраў.

Для работнікаў з далёкіх краін лагічней ехаць туды, дзе аплата вышэйшая. Акрамя таго, далёкая міграцыя патрабуе моўнай адаптацыі, сістэма якой у Беларусі нераспрацаваная. 

Такім чынам, пакістанцы пакуль толькі ў планах. Але яны важныя як сігнал: дзяржава дэманструе гатоўнасць шукаць людзей. 

Студэнты як схаваны рэзерв

Паралельна з працоўнай міграцыяй беларускія ўлады ўсё больш актыўна гавораць аб студэнтах, у тым ліку замежных — як аб патэнцыйным кадравым рэзерве.

Да 2020 года Беларусь паслядоўна нарошчвала экспарт адукацыйных паслуг: колькасць замежных студэнтаў расла, асабліва за кошт Туркменістана і Кітая. Так, у 2019‑2020 гадах у Беларусі вучылася да 26 тысяч замежнікаў. Пасля пандэміі гэтая плынь скарацілася, колькасць замежнікаў паменшала да 20 тысяч, але ўжо ў 2024—2025 гадах улады зноў даюць справаздачу аб росце — да 30—35 тысяч студэнтаў з больш чым ста краін. 

Студэнты БДУ з Туркменістана на прафілактычнай сустрэчы з прадстаўнікамі МУС. Фота: bsu.by

Замежнікі часцей за ўсё выбіраюць тыя кірункі, дзе і ў беларускай эканоміцы ёсць хранічны дэфіцыт кадраў: медыцыну, інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці, аграрныя навукі, педагогіку. Фармальна ўсё выглядае лагічна: краіна навучае спецыялістаў, якія патэнцыйна маглі б застацца і працаваць у Беларусі.

Але на практыцы сувязь паміж навучаннем і працаўладкаваннем застаецца слабай. Для большасці замежных студэнтаў Беларусь — гэта альбо адносна танны спосаб атрымаць дыплом, альбо транзітны пункт на шляху ў іншыя краіны. Толькі нямногія разглядаюць яе як месца для доўгатэрміновага жыцця і кар'еры. Нават нягледзячы на ​​спрашчэнне правілаў працаўладкавання для выпускнікоў, узровень заробкаў і абмежаваныя кар'ерныя перспектывы застаюцца сур'ёзнымі стрымліваючымі фактарамі.

Тым не менш, у 2025 годзе з'явіліся першыя прыкметы зруху. Замежных студэнтаў пачалі афіцыйна залучаць да працы яшчэ падчас вучобы, а працадаўцы ўсё часцей гатовыя браць маладых спецыялістаў без ідэальнага досведу, але з базавай падрыхтоўкай. 

Кантроль замест інтэграцыі

Лібералізацыя міграцыйнай палітыкі ў Беларусі ідзе поплеч з узмацненнем кантролю. Улады падкрэсліваюць: замежнікі краіне патрэбныя, але толькі пры ўмове строгай дысцыпліны. У 2025 годзе з Беларусі дэпартавалі больш за 3600 замежнікаў за парушэнне міграцыйных і працоўных правіл. МУС рэгулярна дае справаздачу аб «поўным кантролі сітуацыі», а для студэнтаў з краін Цэнтральнай Азіі праводзяцца спецыяльныя прафілактычныя мерапрыемствы з удзелам сілавых структур.

Сігнал зразумелы: замежнікі патрэбныя, але на кароткім павадку. Дзяржава прапануе ім функцыянальную ролю: прыехаць, адпрацаваць, не ствараць праблем. 

Як у суседзяў

Калі паглядзець на досвед суседніх краін, розніца становіцца асабліва прыкметнай. 

Польшча і Літва дзейнічаюць у межах уласных патрэб рынку працы. 

Польшча даўно ўбудавала працоўную міграцыю ў эканамічную мадэль. Сотні тысяч замежных работнікаў закрываюць патрэбы сэрвісу, будаўніцтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Польская сістэма арыентаваная на масавую часовую працу: спрошчаны наём, кароткія дазволы, высокая гнуткасць. Дзяржава не робіць стаўкі на інтэграцыю абсалютна ўсіх мігрантаў, і рынак сам рэгулюе патокі.

Літва, наадварот, дзейнічае асцярожна і выбарачна. Гэта невялікая эканоміка з абмежаваным рынкам працы, дзе міграцыя выкарыстоўваецца часткова — для закрыцця канкрэтных ніш у лагістыцы, транспарце, прамысловасці, ІТ. Струмені старанна рэгулююцца, патрабаванні паступова ўзмацняюцца, а залішняя міграцыя ўспрымаецца як рызыка.

Расія застаецца найвялікшым цэнтрам працоўнай міграцыі ў рэгіёне. Мільёны замежных работнікаў з Цэнтральнай Азіі, Каўказа і іншых рэгіёнаў дзесяцігоддзямі былі ўбудаваны ў расійскую эканоміку. У адрозненне ад Польшчы і Літвы, Расія актыўна выкарыстоўвае міграцыю і як дэмаграфічны інструмент: прапаноўвае атрыманне спрошчанага грамадзянства, утрымлівае замежных студэнтаў. Гэта спроба кампенсаваць не толькі недахоп працоўных рук, але і агульнае скарачэнне насельніцтва.

Часовыя мыліцы замест доўгатэрміновага рашэння

На гэтым фоне Беларусь выглядае як краіна, якая вымушана ўключылася ў барацьбу за працоўную сілу, і не таму, што стала прывабнай, а таму што іншых варыянтаў утрымаць эканоміку ў працоўным стане становіцца ўсё менш. 

Беларусь усё больш выразна ператвараецца ў краіну, якая гатова прымаць людзей з усяго свету, але не гатовая зрабіць так, каб свае не выязджалі. І менавіта гэта застаецца галоўнай кадравай праблемай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула