БЕЛ Ł РУС

Ці будзе гурт «Пятля прыхільнасці» працягваць выступаць з новым вакалістам, без Іллі Чарапко?

6.01.2026 / 16:5

Nashaniva.com

У кастрычніку — снежні 2025 года пост-панк гурт «Пятля прыхільнасці» адыграў свой апошні міжнародны тур. Фінальным ён стаў па рашэнні вакаліста Іллі Чарапко-Самахвалава, які сышоў з калектыву, гісторыя якога цягнулася з 2004 года.

«Пятля прыхільнасці». Фота: старонка групы ў фэйсбуку

Лідар гурта патлумачыў сваю матывацыю жаданнем рухацца далей: «Асноўнай прычынай стала жаданне перайсці на наступны ўзровень. Ужо некалькі месяцаў я працую над уласным праектам і збіраюся прысвяціць яму ўвесь свой час».

Праўда, пазней стала вядома, што ў справе замяшана шмат складнікаў.

«Чарапко разліву 2023‑2024 гадоў больш не існуе, гэты чалавек памёр. Я змог пагасіць кнаты свайго практычна пажыццёвага алкагалізму, цалкам пазбавіцца ад набыцця апошніх гадоў — прыхільнасці да какаіну, а яшчэ заадно ад шматгадовых таксічных адносін.

Ацаніў значнасць людзей, па-сапраўднаму каштоўных для мяне, перастаў слухаць няпрошаных дарадцаў і пачаў сам прымаць рашэнні — у выніку змог вярнуцца дадому, хоць ужо і не марыў пра гэта», — падзяліўся сваімі вынікамі года музыка.

«Пятля прыхільнасці». Фота: старонка групы ў фэйсбуку

«Пятля прыхільнасці» за час свайго існавання выпусціла сем поўнафарматных альбомаў. Апошні з іх — «Суперпазіцыя» —выйшаў у 2024 годзе і быў цалкам беларускамоўны. Гурт быў у добрай форме і збіраў па Еўропе поўныя пляцоўкі фанатаў — для многіх прыхільнікаў яго развал стаў шокам. На гэта Ілля Чарапко рэагаваў у сацсетку па-філасофску.

«Гэта я сышоў з групы, а не выгнаў адтуль усіх астатніх. Усе гэтыя гады мне расказвалі, што ўсе ўдзельнікі — раўназначныя творчыя адзінкі. Падчас існавання гурта былі выпадкі, калі мы гралі канцэрты то без гітары, то без басу, а калісьці, не пры цяперашнім бубначу, але такое таксама было — без барабанаў. З групы проста сышоў Ілля Чарапко — вакал.

Гурт цалкам можа далей працягваць сваё трыўмфальнае шэсце. Вакалістаў там хапае. Прыхільнікам групы я аддаў больш за 20 гадоў свайго жыцця і 7 альбомаў, яны нікуды не падзенуцца і назаўжды застаюцца вашымі».

Вядома, што Ілля хацеў сысці, не адыгрываючы нават апошні восеньскі, развітальны тур. Але яго пераканалі, у тым ліку намякнуўшы на няўстойку, якую б прыйшлося выплаціць пры такім рашэнні, бо ўжо былі замацаваныя дамоўленасці з пляцоўкамі.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у гэтым туры Ілля перамяшчаўся па гарадах асобна ад іншых удзельнікаў гурта. Прыхільнікі адзначалі таксама халоднасць у камунікацыі паміж музыкамі на фінальных выступах.

«Пятля прыхільнасці». Фота: старонка групы ў фэйсбуку

Дык ці працягнецца гісторыя «Пятлі» з іншым вакалістам?

Музыкі адмовіліся каментаваць іх планы на будучыню, у тым ліку таму, што ўсім няпроста даецца пастаўленая ў праекце кропка. Але, па інфармацыі «Нашай Нівы», на гэты момант ніхто не збіраецца адраджаць «Пятлю прыхільнасці» ў новым складзе ці іншым фармаце. Гурт сапраўды спыніў сваё існаванне.

Ілля Чарапко цяпер займаецца сваім новым праектам. Басіста Цімафея Савіцкага і бубнача Аляксея Тарасевіча заўважылі ў новым пост-панк праекце «Прыпяць», дзе на першым плане — 17‑гадовы сын басіста Казімір. Гітарыст Дзмітрый Паплаўскі выкладае ўрокі грання на сваім інструменце, а Іван Селішчаў заўсёды быў добрым арганізатарам канцэртаў і тураў, таму, хутчэй за ўсё, і працягне гэтым займацца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула